Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Аляксандр Фядыніч звярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.

У дакуменце кіраўнік прафсаюза РЭП патрабуе даць прававую ацэнку службовым асобам сістэмы адукацыі, якія выкарыстоўваюць працу дзяцей, і спыніць практыку ўдзелу школьнікаў у сельгасработах. Таксама Фядыніч патрабуе даць прафсаюзу інфармацыю аб службовых асобах сістэмы адукацыі, якія выкарыстоўвалі ў 2016 годзе працу дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама аб службовых асобах, якія аддалі ўказанне на прыцягненне да працы вучняў сярэдняй школы № 11 горада Маладзечна ў цэлым і вучаніцы 8-га класа гэтай школы Вікторыі Папчэні, якая загінула 29 верасня падчас сельгасработ.

Начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы ўжо заявіў пра парушэнні з боку тых, хто адправіў 13-гадовую школьніцу на ўборку бульбы. Паводле інфармацыі, якую атрымаў прафсаюз РЭП ад бацькоў загінулага дзіцяці, сваёй згоды на ўдзел дзяўчынкі ў так званай «грамадска-карыснай працы» бацькі не давалі, што дазваляе сцвярджаць аб выкарыстанні прымусовай дзіцячай працы з перарываннем навучальнага працэсу.

Як паведаміў праваабаронца, прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, таксама на сайце zvarot.by цяпер збіраюцца подпісы за тое, каб спыніць практыку рабскай працы, якая доўжыцца з часоў СССР, калі беларускіх школьнікаў замест вучобы прымусова вывозяць на сельгасработы.

Судаленка цяпер аказвае юрыдычную дапамогу сям`і загінулай школьніцы. «Фармальна праца школьнікаў лічыцца «добраахвотнай», а ў выпадку адмовы ад паездак на сельгасработы адміністрацыя школ, як правіла, пагражае вучням сур`ёзнымі непрыемнасцямі па вучобе, што дазваляе казаць аб выкарыстанні прымусовай дзіцячай працы, забароненай да таго ж беларускай Канстытуцыяй. Такім чынам, узнікае пытанне, наколькі законна і абгрунтавана прымяняць практыку, калі беларускіх дзяцей, якія павінны ў гэты час сядзець за партамі, адпраўляюць збіраць ураджай», — гаворыцца ў звароце на zvarot.by. Карыстальнікаў інтэрнэту просяць праявіць салідарнасць і падпісаць зварот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?