У мяне ўзьнікла думка,

нарадзілася жаданьне

засьпяваць, завесьці песьні

ды пусьціць за словам слова

5 старажытных песнасьпеваў,

роду нашага паданьняў.

Растаюць у роце словы,

з вуснаў птушкаю ірвуцца,

зь языка яны зьлятаюць

10 ды паміж зубоў струменяць.

Мілы сябра, братка любы,

залатых гадоў таварыш!

Засьпявайма разам песьню

ды прамовім разам словы,

15 калі тут ужо сышліся,

з двух бакоў мы на сустрэчу!

Рэдка мы бываем разам,

рэдка бачымся з табою

на прасторах запусьцелых,

20 у краі Поўначы ўбогім.

Дык давай мне свае рукі,

моцна счэпім свае пальцы,

засьпяваем гучна песьні

ды найлепшыя паданьні

25 каб сябры нашы пачулі,

ды паслухалі прыветна,

каб пачулі нашы дзеці,

каб пачула наша моладзь:

як зьбіралі, зьберагалі

30 тыя вершы, тыя сьпевы

ў апаяску Вяйнямёйнен,

у кузьні волат Ільмарынен,

у вострай сталі Каўкам’елі,

у джалах стрэлаў Ёўкахайнен,

35 у паўночных дальніх гонях

Калевалы верасовай.

Іх сьпяваў калісьці бацька,

калі рэзаў тапарышча,

маці навучала песьням,

40 калі ніткі выпрадала,

я ж тады дзіцяткам малым

каля ног яе круціўся,

немаўлятка неразумны

маці малаком духменіў.

45 Словаў шмат было пра Сампа

ды пра чары хітрай Лоўхі:

і старэла ў песьнях Сампа,

згінула ад чараў Лоўхі,

Віпунен сканаў ад чараў,

50 Леммінкяйнен – у карагодах.

Ёсьць яшчэ нямала песень,

загавораў шмат я помню,

што сабраў я па ўзьмежках

ды з галінак верасовых,

55 ды з кустоў каля дарогі,

з розных парасткаў маленькіх,

з патаптаных сьпелых траваў,

там, дзе пасьвіў я гавяду,

у гады свае малыя,

60 пастушком хадзіў за статкам,

там, па купінах мядовых,

там, па залатых палянах

усьлед за Муўрыккі-чарнохай,

побач з Кіммаю пярэстай.

65 Насьпяваў мароз мне песьні,

дождж нашапацеў мне вершаў.

Вецер слоў яшчэ навеяў,

хвалі з мора нашапталі.

Птушкі ў шэраг словы склалі,

70 вершаліны дрэў – у сказы.

Я зматаў іх у клубочак,

у адзін маток зьвязаў іх.

Я паклаў клубок на сані,

у вазок паклаў я зьвязку,

75 песьні я прывёз дадому,

да асеці я давёз іх

і паклаў у медны кошык

пад столь клеці на паліцу.

Доўга песьні на марозе

80 у маркоце праляжалі.

Ці не ўзяць нам іх са сьцюжы,

не забраць з марозу песьні?

ці не ўнесьці ў хату кошык,

ды на лаву тут, пад стольлю,

85 пад магутнай кроквай новай

пад прыгожаю паставіць?

Мо’ адчынім кошык песень,

поўную паданьняў скрынку,

каб клубок той разматаць нам,

90 разьвязаць маток легендаў?

Лепшую сьпяю вам песьню,

каб найлепей загучала,

хай дадуць мне хлеба лусту,

паднясуць мне куфаль піва.

95 А калі не будзе піва,

альбо квасу маладога,

дык сьпяю я песьню нашча,

нават без вады, насуха,

каб вясёлым быў наш вечар,

100 каб уславіць дзень мінулы

ды парадаваць дзень новы,

раньне новае пацешыць...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0