Аўтар ідэі – Вадзім Гігін. Аўтар сцэнару – ён жа са таварышы... Піша Наталка Бабіна.

Ці любіце вы тэлевізар так, як я яго люблю?

У суботу днём чаму вы аддаеце перавагу – тэлевізару ці праполцы кветніка?

Калі – раптам – тэлевізару, то вы ведаеце назву перадачы, якую я ня ведаю, і якую паглядзела выпадкова таму, што не хацелася займацца праполкай.

Аўтар ідэі – Вадзім Гігін. Аўтар сцэнару – ён жа са таварышы.

І маса масоўкі – нечытэльна хутка прабягае па экране. Кампазытар, грым, дырэктар – не запамінаецца. Але маса ўражвае! Вельмі ж іх шмат: нейкіх ахінейных статыстаў, што валакуцца на тле касьцёлаў да праваслаўя і народнасьці.

Вядучы тшчітся выглядаць глыбокадумным. Блукае на тле рэнэсансавых вежаў і пратэстанцкіх збораў, даводзіць, як беларусы імкнуліся памерці праваслаўнымі і з надзеяй глядзелі ў будучыню у XVI стагодзьдзі. Як стараліся захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць (гаворыцца гэта ўсё, вядома ж, па-расейску – расейскую, трэба думаць, ідэнтычнасьць імкнуліся захаваць нашыя продкі).

І хапае ж нахабства Гігіну са таварышы гаварыць ад імя Севярына Налівайкі, казацкага ватажка!

І хапае ж нахабства Гігіну са таварышы рабіць зь Севярына нейкага ідала, які спаў і бачыў, як бы патрапіць у мэйстрым сучаснай прапаганды...

Ой-ёй, Севярыне, гэй-ёй, Налівайка! Каб ты мог пракінуцца ды пачуць, што пра цябе гавораць цяпер...

Просталінейнасьць, напорыстасьць і ахінейнасьць – рысы сучаснай прапаганды, якія напоўніцу выявіліся ў шматсэрыйным фільме Гігіна, назвы якога я ня ведаю.

І ведаць не хачу.

Наталка Бабіна

* * *

З кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі»

Таго года ўкраінскі казацкі атаман Севярын Налівайка з дзвюхтысячным аддзелам хадзіў у багатыя землі Трансільваніі ды Малдовы. Вяртаючыся, атаман павярнуў на ўладанні польскага канцлера Яна Замойскага ды спустошыў іх. За гэта Замойскі накіраваў на Налівайку вялікае войска рэестравых казакоў гетмана Рыгора Лабады. Вось тады, ратуючыся, Налівайка мусіў кудысьці ўцякаць. Узняўшы 7 тысяч казакоў, ён рушыў на Беларусь.

6 лістапада Налівайка ўвайшоў у Слуцак. Як ён авалодаў гэтым горадам, дасюль застаецца загадкай. Захапіць такую фартэцую казакам было не пад сілу. Найверагодней, нехта адкрыў ім гарадскую браму, бо Налівайка напісаў ліст месцічам, каб упусцілі ў горад.

Прастаяўшы ў Слуцку тры тыдні, атаман садраў з мяшчанаў 5 тысяч коп грошай, набраў удосталь дабра і, прыхапіўшы амаль увесь слуцкі арсенал (12 гармат, 80 гакаўніц, 700 ручніц), пакінуў горад. Казакі пайшлі на Омгавічы, адтуль накіраваліся да Бабруйска, але не дайшлі і павярнулі на багаты і блізкі да мяжы Магілеў. Адтуль можна было лёгка перайсці пад апеку маскоўскага цара.

У магілеўцаў сваіх сілаў для абароны было замала. Яны прасілі дапамогі ў гетмана Крыштофа Радзівіла, аднак падмога не паспела: у снежні Налівайка штурмам захапіў Магілеў. Казакі жорстка расправіліся з горадам. Як падае летапіс, яны выпалілі большую частку Магілева, у тым ліку дзве праваслаўныя царквы, абрабавалі і пабілі насельніцтва: «мяшчан, баяр, людзей заможных як мужчын, так і жанчын, дзяцей малых пабілі, пасеклі, пагвалцілі, скарбаў таксама безліч пазабіралі з крамаў і хатаў».

Два тыдні Налівайка стаяў у Магілеве. Тым часам каля Ігумена сабралася нарэшце шляхоцкае войска - колькі тысяч паспалітага рушання Вялікага Княства. На казакоў яго павёў рэчыцкі стараста Мікалай Буйвід. А Налівайка заняў зручную для абароны Ільінскую гару, што каля Буйніцкага поля. Паставіўшы вазы ў некалькі ліній, ён утварыў замкнёны табар.

Бітва пачалася ўранку і доўжылася да вечаровай цемры. Шляхта неаднаразова кідалася на штурм табара, але казакі лёгка адбівалі яе залпамі агняпальнай зброі, якой мелі даволі. Калі сцямнела і бітва перапынілася, Налівайка пакінуў пазіцыі і табарам пачаў адыходзіць уніз па Дняпры - на Быхаў, потым на Рагачоў і Рэчыцу. Войска Буйвіда гналася за казакамі ажно да Рагачова, але нічога не магло зрабіць і павярнула на Менск.

А Налівайка, таксама «творачы шкоду вялікую», рухаўся ўздоўж Прыпяці, займаючы па чарзе Давыд-Гарадок, Лахву, Пінск. Да вясны 1596 года ён сышоў на Ўкраіну, дзе яго загон быў разгромлены дзяржаўным войскам. Самога Налівайку захапілі і, выслаўшы ў Польшчу, чвартавалі.

Пазней афіцыйныя гісторыкі пачалі сцвярджаць, што Налівайкаў паход быў выкліканы прыняццем вуніі, што казацкі атаман абараняў праваслаўную царкву ды што гэта было буйное антыфеадальнае паўстанне ў Беларусі.

Генадзь Сагановіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0