Расея апавясціла ААН, што не будзе праводзіць бамбардзіроўкі сірыйскага горада Алепа па 11 гадзін у дзень на працягу трох дзён, пачынаючы з чацвярга, гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Па словах спецпрадстаўніка ААН па Сірыі Стэфана дэ Містуры, арганізацыя вітае гэтыя «аднабаковыя гуманітарныя паўзы» для эвакуацыі бежанцаў і параненых з зоны баёў, аднак яны не з'яўляюцца пачаткам плана ААН па спыненні гвалту ў Алепа.

Як адзначыў дэ Містура, неабходна дамагчыся таго, каб баевікі групоўкі «Джабхат Фатх аш-Шам» пагадзіліся пакінуць горад. Акрамя таго, ААН хоча атрымаць гарантыі, што сірыйскі ўрад перадасць кіраванне горадам мясцовай адміністрацыі ва ўсходнім Алепа.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што падаўжэнне паўзы ў Алепа «магчымае і пажаданае, але толькі не ў тым выпадку, калі гэтая паўза будзе выкарыстоўвацца для ўмацавання, пераўзбраення і перааснашчэння тэрарыстаў».

Гуманітарны дарадца ААН Ян Эгеланд паведаміў, што першая партыя параненых, як чакаецца, будзе эвакуяваная з Алепа ў пятніцу.

Па словах Эгеланда, ААН хоча падоўжыць гуманітарныя паўзы да панядзелка, бо пакуль няма дамоўленасці аб дастаўцы прадуктаў у абложаны горад.

Раней паведамлялася, што абвешчаная Расіяй «гуманітарная паўза» у сірыйскім Алепа пачала дзейнічаць у чацвер з 8:00 па Маскве.

Першапачаткова меркавалася, што «гуманітарная паўза» працягнецца толькі восем гадзiн, аднак ААН заявіла, што для эвакуацыі мірных жыхароў з Алепа неабходна па меншай меры 12-гадзіннае перамір'е.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?