У вянок у дні ягонай памяці, наконадні прысуджэньня першай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

Па паходжаньні селянін, па адукацыі мастак, па прафэсіі спачатку вайсковец, нарэшце — пісьменьнік, Быкаў быў таксама вялікім мудрацом, настаўнікам паводзінаў, сучасным Сакратам. Для яго важна было ня толькі тое, што ён пісаў, але і як жыў, што гаварыў, як дзейнічаў. Праз сваю праўдзівасьць, моцную волю, але адначасова антычныя стрыманасьць, пачуцьце меры, рэалізм, і праз уменьне заставацца нязьменным, ці вакол гучаць хлусьня ці праўда, а ці ганьба ці хвала, ён і зрабіўся найбольшым духоўным аўтарытэтам.

Пакаленьне Быкава — і ягоная проза ў тым ліку — зрабіла войны і таталітарызм у Эўропе зьявамі малаімавернымі і злачыннымі.

Як пісьменьнік, ён дасьледаваў паводзіны чалавека, пастаўленага перад маральным выбарам.

Як настаўнік паводзінаў, ён сам рабіў такі выбар.

Супраць нацыстаў ён ваяваў. Пры саветах ён адмовіўся ўступіць у Камуністычную партыю. Супраць Лукашэнкі ён змагаўся як толькі мог.

Быкаў без ваганьняў падтрымаў і да канца жыцьця адстойваў выбар дэмакратычнай палітычнай сыстэмы. Адстоўваў каштоўнасьць свабоды і палітычныя правы грамадзянаў. Менавіта праз этычны выбар Быкаў зрабіўся сабой.

Вось што прыгадваецца ў быкаўскі тыдзень, наконадні прысуджэньня першай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0