Грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» просіць старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку весці ўсе пасяджэнні парламента на беларускай мове. Пра гэта гаворыцца ў лісце, накіраваным Андрэйчанку старшынёй ТБМ Алегам Трусавым.

«Мы ведаем вас як беларускага патрыёта, які шануе нашу мову, гісторыю і культуру, — гаворыцца ў лісце. — Мы не сумняваемся, што вы падзяляеце наступнае выказванне кіраўніка нашай дзяржавы: «Мы — нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці — гэта мова». У сувязі з гэтым просім Вас весці ўсе пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на дзяржаўнай беларускай мове».

На думку Трусава, было б добра, каб дэпутаты атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах і прымалі іх адначасова.

«Такім чынам мы ўмацуем аўтарытэт нашага парламента, што паспрыяе павышэнню яго іміджу як у нашай краіне, так і за мяжой», — гаворыцца ў лісце.

ТБМ таксама прапануе стварыць на Першым канале Беларускага тэлебачання пастаянную праграму «Парламенцкая гадзіна», якую «з цікавасцю будуць глядзець усе выбаршчыкі, каб ведаць, што канкрэтна робяць іх абраннікі ў Палаце прадстаўнікоў і як бароняць іх інтарэсы».

Варта адзначыць, што намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?