Аб праблеме працаўладкавання беларускіх выпускнікоў замежных універсітэтаў на радзіме заявіла дактарантка Універсітэта Вікторыі ў Канадзе Таццяна Шабан на прэс-канферэнцыі ў Мінску 20 кастрычніка. Паводле яе слоў, яна беспаспяхова спрабавала знайсці працу ў Мінску пасля заканчэння магістратуры па міжнародных адносінах у Нотынгемскім універсітэце (Вялікабрытанія).

«Я б хацела пасля заканчэння дактарантуры вярнуцца ў Мінск, бо тут мая дачка і бацькі. Аднак я баюся, што няўдалы вопыт пошуку працы паўторыцца», — сказала Шабан.

Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін адзначыў, што вучоба за мяжой — плюс для спецыяліста. «Тыя, хто атрымаў адукацыю за мяжой, — сказаў ён, — пасля вяртання ў Беларусь прыносяць вопыт дзелавой культуры, веданне інфраструктуры, вопыт адукацыйных сістэм розных краін і могуць спрыяць інтэграцыі эканомікі Беларусі ў міжнародную эканамічную прастору. Гэта важна з улікам эпохі глабалізацыі».

Важна, каб беларускія выпускнікі замежных ВНУ не згубіліся пасля вяртання, ведалі, што іх веды будуць запатрабаваныя на радзіме, заявіў Карагін.

Спроба аб'яднаць беларусаў — выпускнікоў замежных універсітэтаў робіцца ў рамках праекта «Тваё заўтра». Кіраўнік праекта Іна Кулей паведаміла, што цяпер у стадыі рэгістрацыі знаходзіцца агенцтва з аднайменнай назвай.

Агенцтва плануе актыўна дапамагаць інтэграцыі людзей, якія атрымалі адукацыю за мяжой і якія вярнуліся ў Беларусь. Яшчэ адна задача — усталяванне навуковых, экспертных і культурных сувязяў паміж беларускай акадэмічнай дыяспарай і гістарычнай радзімай.

«Мы хочам стварыць супольнасць людзей, якія атрымалі адукацыю за мяжой і хочуць жыць у Беларусі. Мы адышлі ад канцэпцыі «ўцечка-вяртанне розумаў» і вітаем сучасную канцэпцыю «цыркуляцыя розумаў». Факт міжнароднай мабільнасці беларусаў — гэта складнік акадэмічнай мабільнасці, якая з'яўляецца адным з прынцыпаў Балонскага працэсу. Мы лічым беларускіх студэнтаў, аспірантаў і стажораў, якія вучацца ў замежных універсітэтах, шматтысячным патэнцыйным навукова-тэхнічным, культурным і грамадскім рэзервам для нашай краіны», — сказала Кулей.

Яна таксама паведаміла, што «Тваё заўтра» запрашае 21 кастрычніка ў 18 гадзін у залу Міжнароднага цэнтра імя Ёханеса Рау (Мінск, пр. Газеты «Правда») на «Кастрычніцкі кірмаш». Уваход па папярэдняй рэгістрацыі. Гэта першае ў краіне мерапрыемства, на якім зацікаўленыя прадстаўнікі дзяржаўных інстытутаў, дыпламатычнага корпуса, бізнесу, грамадскага сектара і СМІ змогуць пазнаёміцца з актыўнымі людзьмі, якія атрымалі адукацыю за мяжой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?