Генеральны план Мінска прадугледжвае магчымасць вынасу прадпрыемстваў за межы горада, у тым ліку ў гарады-спадарожнікі. Пра гэта паведаміў журналістам галоўны архітэктар УП «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў.

У поўным памеры генплан можна паглядзець ТУТ.

Неабходнасць вынасу вытворчасцей з цэнтра замацаваная не толькі ў цяперашняй рэдакцыі галоўнага горадабудаўнічага дакумента, але і ў рэдакцыях 2003 і 2010 гадоў.

«Вынас вытворчасцей разглядаецца ў кантэксце дзяржаўнай задачы. Мы склалі спіс прадпрыемстваў, якія лічым недарэчнымі для горада. Яны павінны знайсці новыя пляцоўкі», — адзначыў Аляксандр Акенцьеў.

Разам з тым, у адрозненне ад папярэдніх дакументаў, па новай формуле, узгодненай з Мінпрамам і Мінэканомікі, у нядаўна зацверджаным генплане канкрэтны пералік не пазначаны. Пазначаная патэнцыйная магчымасць перадыслакацыі некаторых аб'ектаў. Вынас будзе выконвацца на падставе тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

«Відавочна, і заканадаўства будзе мяняцца перманентна. Па кожным прадпрыемстве трэба рабіць разлікі, бо за гэтым стаяць канкрэтныя эканамічныя паказчыкі, працоўныя месцы. А пляцоўкі, як правіла, выбіраюцца на альтэрнатыўнай аснове. Калі ўчасткі гарадоў-спадарожнікаў будуць адказваць патрабаванням, то вытворчасці перамесцяцца туды», — адзначыў Аляксандр Акенцьеў.

Паводле яго слоў, горадабудаўнічая каштоўнасць цэнтральнай часткі Мінска на два парадкі вышэйшая за перыферыйныя раёны, што не дазваляе гэтую тэрыторыю выкарыстоўваць неэфектыўна. Ва ўсіх краінах свету прадпрыемствы самі сыходзяць з цэнтра, паколькі ім выстаўляюцца высокія патрабаванні па паказчыках шуму, вібрацыі, стане паветра. Многія мінскія прадпрыемствы маюць планы па выхадзе на іншыя пляцоўкі, частка іх ужо рэалізаваная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?