Спушчальны апарат «Скіяпарэлі» разбіўся ў выніку спробы сесці на Марс, паведамляе Еўрапейскае касмічнае агенцтва.

Паводле дадзеных агенцтва, страта зонда пацвярджаецца здымкамі, зробленымі з арбіты планеты амерыканскімі штучнымі спадарожнікамі.

Згодна з ЕКА, зонд упаў на паверхню Марса з вышыні ад двух да чатырох кіламетраў і разбіўся. Да атрымання здымкаў у навукоўцаў заставалася надзея, што зонд ацалеў.

Зонд «Скіяпарэлі» павінен быў спусціцца на Марс 19 кастрычніка, аднак яго пасадка пайшла не па плане. Паведамлялася, што зонд занадта рана адстрэліў запасны парашут, а таксама недастаткова доўга выкарыстаў тармазныя рухавікі.

Прыкладна за 50 секунд да моманту, калі зонд павінен быў дакрануцца паверхні, ён перастаў перадаваць сігнал. Некаторыя навукоўцы адразу расцанілі гэта як прыкмету таго, што зонд разбіўся.

ЕКА да цяперашняга часу не прызнавала пасадку няўдалай.

Апарат масай у 600 кг, выраблены ў асноўным у Італіі, у выпадку ўдалай пасадкі павінен быў заняцца метэаралагічнымі даследаваннямі. Яго батарэй хапіла б на чатыры дні працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?