«Усю ноч пасля гэтага Улад уздрыгваў: «Не біце мяне, не страляйце». Цяпер яму лягчэй. Два тыдні прайшло з таго вечара. З панядзелка — доктар дазволіў — вернецца ў школу, хоць да гэтага з-за моцных гематом з хаты амаль не выходзіў», — распавядае Аляксандр Паўлавіч. Ён — тата 13-гадовага падлетка, у якога 8 кастрычніка стралялі з пнеўматыкі і збілі двое хлопцаў.

sk.gov.by

sk.gov.by

Злачынства адбылося ў адной з вёсак Стаўбцоўскага раёна. Назву населенага пункта бацька пацярпелага просіць не называць.

На календары была субота, на гадзінніку каля 21.30, Улад з аднакласніцай вярталіся дадому са школьнай дыскатэкі.

— Іх было чацвёра — Улад і дзяўчаты, — кажа Аляксандр Паўлавіч. — Адну з іх трэба было правесці ў бок бара: тут, ля ўстановы, гэтыя двое да іх і прычапіліся. Аднаму 19 гадоў, другому — 25. Паклікалі дзяўчынак. Дзеці праігнаравалі, працягнуўшы ісці. Хлопцам гэта, відаць, не спадабалася, яны дагналі кампанію, вырвалі з яе Улада і кулаком ударылі па твары. Дзяўчынкі спалохаліся і кінуліся наўцёкі, сын вырваўся — і таксама бегчы, але не за ўсімі, а дадому — у свой бок.

Па словах таты, хлопцы хутка дагналі Улада, сталі біць, пагражалі пісталетам.

— На зброю казалі: «Гэта запальнічка, хочаш дакажам?» — і стрэлілі хлопчыку ў пераноссе. Куля прайшла побач з вокам, але яны не супакоіліся, — апісвае тыя падзеі Аляксандр Паўлавіч. — Каля бара, недалёка ад якога гэта ўсё здарылася, ёсць возера, а побач з ім востраў, туды яны Улада і пацягнулі: адзін за капюшон, другі — за руку.

— І ніхто не бачыў?

— А каму бачыць? Дзяўчынкі разбегліся. Чаму яны не патэлефанавалі ў міліцыю, не паведамілі каму-небудзь з дарослых? Растлумачыць не могуць. Можа, паніка, можа, страх. А больш нікога побач не было.

— Але чаму Улад не закрычаў?

— Яны папярэдзілі: крыкнеш — будзе толькі горш.

Тое, што адбывалася далей, хутчэй падобна на сюжэт з фільма, чым на падзеі з размеранага вясковага жыцця. Тата працягвае:

— Па дарозе на востраў яны спыталі, колькі Уладу гадоў і ў якім класе вучыцца. Сын адказаў: восьмы клас, 13 гадоў. Ён у нас высокі — займаецца валейболам. Мабыць, яны не паверылі.

Востраў — месца бязлюднае. У той вечар тут было цёмна, што адбываецца — у вёсцы не відаць і не чуваць.

— Тут іх фантазія разгулялася, — тата стараецца стрымліваць эмоцыі. — Цягалі Улада па зямлі, крычалі: патопім! Штосьці зноў пыталіся пра ўзрост. Паставілі на калені, білі нагамі. Потым павалілі, адзін сеў на ногі, другі трымаў рукі. Засунулі пісталет у рот і двойчы выстралілі…

Цяпер, калі аналізую тое, што адбылося, думаю: у зброі, мабыць, было мала газу — гэта Улада і выратавала. Інакш кулі ўпіліся б яму ў скуру, і незразумела, якімі былі б наступствы, а так ён змог іх выплюнуць. Пасля запыталіся, што Улад зрабіў для нашай вёскі і што гатовы прапанаваць ім за сваё жыццё.

Сказалі раніцай прынесці ім пяць тысяч даляраў.

— Адкуль у дзіцяці такія грошы?

— Я не ведаю. Мы хоць і з адной вёскі, але я з гэтымі хлопцамі раней ніколі не перасякаўся. Потым даведаўся: той, якому 19, вучыцца ў Мінску, любіць у нас у вясковым бары пасядзець. 25-гадовы — жанаты, дачку гадуе. Як ён на такое пайшоў, я наогул не разумею.

— А Улад іх ведаў?

— Толькі 19-гадовага, вясной разам у секцыю па футболе хадзілі. Не скажу, што яны сябравалі, але і непрыязнасці паміж імі не было. Ды і бачыліся апошні раз у маі на трэніроўцы.

У нейкі момант ва Улада зазваніў тэлефон, на тым канцы — старэйшы брат.

— Яны далі яму адказаць, а потым адзін з іх выхапіў тэлефон і выкінуў у возера, — вяртаецца да падзеяў таго вечара бацька. — Навошта? Яны так толкам і не патлумачылі.

— Улад паспеў сказаць брату, што здарылася?

— Не, баяўся, яго зноў пачнуць біць і толькі адказаў: «Хутка прыйду». Потым аднаму з нападнікаў патэлефанавала дзяўчына, хлопцы вывелі Улада на праезную частку і папярэдзілі, каб праз дзесяць секунд яго тут не было.

Аляксандр Паўлавіч у той дзень працаваў да позняга вечара. Бліжэй да дзесяці гадзін па мужа заехала жонка. Муж і жонка не бачылі, як сын вярнуўся дадому.

— Пад'язджаем, да машыны падбягае старэйшы, Дзяніс: «Тата, ідзі паглядзі, што з Уладам, я не ведаю, што рабіць». Думаў, яны паміж сабой пасварыліся. Я ў хату, клічу Улада, ён спускаецца з другога паверха, а ўвесь твар сіні: вока не відаць, вусны ў крыві, лабавая частка распухла.

Выклікалі міліцыю, а пасля паехалі ў Стоўбцы ў бальніцу. Уладу зрабілі здымак, знялі пабоі, праверылі, каб не было страсення мазгоў, і далі накіраванне да хірурга.

— Пераломаў ў яго няма. Толькі на вялікім пальцы правай рукі расколіна, мабыць, моцна стукнуўся, калі абараняўся. Зараз палец у гіпсе. Два тыдні Улад прасядзеў дома.

— А што з гэтымі хлопцамі?

— Іх затрымалі ў той жа вечар. Аднаго ў хаце, другога на дарозе. Мы калі ў бальніцу прыехалі, іх прывезлі на агляд. У аднаго, здаецца, было 1,4 праміле алкаголю ў крыві, у другога — 1,7. Малодшы на допытах ва ўсім прызнаўся, старэйшы сцвярджаў, што памятае часткова. З ім сыну ладзілі вочную стаўку.

— А пісталет у іх адкуль?

— Не ведаю, зброю пакуль так і не знайшлі, куды яны яго падзелі, не гавораць. Вёска ў нас спакойная, ніхто не можа паверыць, што такое адбылося. Да мяне падыходзілі іх родныя, перапрашалі. Ну, а якія тут цяпер словы. Дарую я ім, хай ім год зменшаць, але ім з тым, што зрабілі, жыццё жыць.

— Вы настроены змагацца, каб пакаранне было максімальным?

— Цяжка адказаць, усё будзе залежаць ад Улада. Ад таго, што ён скажа ім на судзе. На вочнай стаўцы старэйшы з нападнікаў прасіў у сына прабачэння, але той нічога не адказаў.

— Як думаеце, яны ўсвядомілі, што зрабілі?

— Не ведаю, мы бачыліся толькі са старэйшым, ён плакаў, паўтараў: «Прабачце, не разумею, што на мяне найшло. Хто ведае, можа, гэта шчыра, а можа, ахоўная рэакцыя.

Падазраваным прад'яўлена абвінавачанне ў злосным хуліганстве, учыненым з ужываннем зброі, яны пад вартай. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?