«Белавія» мае намер расшыфраваць запісы бартавога самапісца з «Боінга», якому ў пятніцу давялося вярнуцца ў аэрапорт «Жуляны» (Кіеў) неўзабаве пасля вылету. Пра гэта TUT.BY распавёў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

— Запіс перамоваў з дыспетчарамі вядзецца і на борце, і ў дыспетчараў. Той, што на самалёце, захоўваецца досыць непрацяглы час. Запіс у дыспетчараў захоўваецца досыць доўга. Вядома, мы будзем расшыфроўваць свой запіс і запытваць запіс у украінскага боку, — кажа Ігар Чаргінец.

— Ці трэба авіякампаніі браць у некага дазвол, каб расшыфраваць запіс?

— Гэта наша ўласнасць, мы самі здымаем самапісец і аддаём яго на расшыфроўку. Замест блока з запісам, які здымаем, на самалёт ставіцца запасны. Але проста зараз прадаставіць запіс размовы нерэальна — трэба адмысловае абсталяванне.

Суразмоўца адзначае, што перамовы з украінскім авіядыспетчарам вёў камандзір паветранага судна, пагроза падняць знішчальнікі ў паветра ў выпадку невыканання каманды вярнуцца ў аэрапорт вылету беларускім пілотам была агучана.

— Я ўпэўнены ў тым, што ўсё было дакладна так, як напісалі ў рапартах камандзір і другі пілот, — адзначае прадстаўнік «Белавія». — Дарэчы, сёння раніцай была заява «Украэраруха» — яны не казалі, што наша паведамленне, скажам, не адпавядае рэчаіснасці, наадварот, яны пацвердзілі, што падзея была. Зараз СБУ ў чымсьці сумняваецца … (СБУ адмаўляе, што была пагроза знішчальнікам). Але з нашым пілотам вёў перамовы менавіта дыспетчар, а не СБУ.

— У сацсетках сцвярджаюць, што да беларускай мяжы заставалася толькі 3,5 хвіліны. Маўляў, «можна было і даляцець». Што вы думаеце пра гэта?

— Ну гэта наогул ужо па-за межамі. Гэтая грамадзянскае паветранае судна. Не вайсковае і яно не выконвала ніякага вайсковага задання. Экіпаж павінен падпарадкоўвацца ўказанням дыспетчара. Не было падстаў падвяргаць рызыцы пасажыраў самалёта і экіпаж і разважаць: праскочыць не праскочыць, былі там знішчальнікі ці ўвогуле ў іх няма знішчальнікаў. 140 чалавек сядзіць ззаду — пра што можа ісці гаворка? Гэта можна сядзець каля камп'ютара і мадэляваць, колькі хвілін трэба, каб даляцець да мяжы … Дапусцім, нават калі б наш самалёт сышоў праз мяжу - ну, тут стаяла б пытанне, што мы парушылі патрабаванне дыспетчара, і казаць можна было б нават пра забарону палётаў «Белавія» ва Украіну … Але мы нічога не парушылі, мы следавалі ўказанням дыспетчара.

Ігар Чаргінец дадае, што пагроза знішчальнікамі грамадзянскаму самалёту ў дадзеных абставінах «не зусім законная рэч».

— Ёсць Чыкагская канвенцыя, і там прапісаны ўмовы перахопу. На нашым самалёце падстаў для перахопу не было.

- Калі самалёт вярталі, ці ведала авіякампанія, што справа ў пасажыры?

— Не, у тым і справа. Калі мы вярнуліся назад у «Жуляны», нам спачатку сказалі чакаць паўгадзіны, а потым да самалёта пад'ехала нейкая добрая іншамарка з людзьмі без апазнавальных знакаў. Яны падняліся і сказалі, што ім патрэбны спадар Марцірасян.

Па словах Ігара Чаргінца, пасажырам рэйса раптоўнае вяртанне ў Кіеў прыйшлося растлумачыць тэхнічнымі прычынамі. На борце «Боінга 737-800» (бартавы нумар EW-456PA), які выконваў рэйс В2-840 па маршруце «Жуляны» (Кіеў) — Мінск, знаходзіліся 136 пасажыраў і 6 членаў экіпажа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?