Гамяльчанін падчас сваркі выкінуў з акна былую жонку на вачах у дзяцей. Муж і жонка сварыліся з-за таго, што пасля разводу не змаглі падзяліць трохпакаёвую кватэру, піша kp.by.

Канфлікт у гомельскай сям'і развіваўся даўно. І ўвечары ў нядзелю, 23 кастрычніка, скончыўся трагедыяй: на вачах маленькіх дачок падчас скандалу з былой жонкай 36-гадовы мужчына выштурхнуў яе з акна кватэры на сёмым паверсе. Па дарозе ў бальніцу жанчына перажыла клінічную смерць, але медыкі завялі сэрца.

Жанчына памерла ў бальніцы днём у панядзелак.

Суседзі да нядаўняга часу лічылі сям'ю вельмі добрай. У жанчыны была рабочая спецыяльнасць, муж працаваў кіроўцам аўтобуса, не піў. Яны разам каталіся на роліках, на роварах — чатыры сямейныя ровары да гэтага часу стаяць у пад'ездзе.

Праблемы пачаліся каля года назад - у мужа з'явілася іншая жанчына. Муж і жонка пачалі лаяцца, суседзі чулі крыкі. Муж падняў руку на жонку: аднойчы яна прыбегла да суседзяў, папрасіла пераначаваць — яна была збітая. Потым быў суд, мужчыну асудзілі за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў жонцы. Неўзабаве пасля суда ў верасні гэтага года яны развяліся.

Але жыць працягвалі разам, у трохпакаёвай кватэры з дзецьмі. Кватэра знаходзіцца ў новабудоўлі ў новым мікрараёне на ўскраіне Гомеля. Менавіта жыллё і было прычынай сваркі мужа і жонкі, сцвярджаюць іх суседзі.

Па словах суседзяў, у апошні час жылі ці ледзь не ўпяцёх — былы муж прывёў у хату сваю новую каханую.

- Яны кватэру не маглі падзяліць. Ён туды і новую пасію прыводзіў, — кажа адна з знаёмых мужа і жонкі.

У той вечар сусед пайшоў выгульваць сабаку і пачуў, што каля пад'езда нехта хрыпіць. Падбег, пазнаў суседку, выклікаў «хуткую» і міліцыю. Там сказалі, што ўжо выехалі, бо іх выклікаў сам муж.

Затым суседзі ўбачылі мужчыну на лесвічнай клетцы, ужо ў кайданках. Вонкава той быў спакойны. Калі яны, агаломшаныя, спыталі, што здарылася, сказаў: «Я яе выкінуў з акна».

У кватэры пры гэтым знаходзіліся запалоханыя дзеці, дзяўчынкі 13 і 9 гадоў. Затым, хутчэй за ўсё, іх забрала бабуля.

Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў цвярозы. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары. У панядзелак артыкул быў перакваліфікаваны на забойства з асаблівай жорсткасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?