Генеральным дырэктарам выступаючага ў Кантынентальнай хакейнай лізе мінскага «Дынама» прызначаны Анатоль Курылец, які раней займаў у клубе пасаду намесніка генеральнага дырэктара па бяспецы.

Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч (справа) выпраўляе на пенсію Анатоля Курыльца. Фота mvd.gov.by

Больш за год клуб працаваў без гендырэктара — пасля таго як 20 ліпеня 2015 года быў арыштаваны Максім Суботкін, які займаў гэтую пасаду. Выконваючым абавязкі гендырэктара ў гэты час быў Павел Бурба.

18 кастрычніка 2016 года суд прысудзіў Суботкіна да пяці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і службовай халатнасці.

48-гадовы ўраджэнец Жыткавіцкага раёна Анатоль Курылец — былы ваенны, апошнія дзесяць гадоў перад прыходам у мінскае «Дынама» служыў у органах унутраных спраў, быў намеснікам начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама, намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі.

Як адзначыў, каментуючы клубнай прэс-службе прызначэнне Курыльца, старшыня назіральнага савета ХК «Дынама-Мінск» міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, разгледзеўшы розныя варыянты, назіральны савет прыйшоў да «аптымальнага рашэння — прызначыць на адказную пасаду чалавека, які мае велізарны кіраўніцкі і жыццёвы досвед».

Па словах Шуневіча, за тыя паўтара года, якія Курылец займаў пасаду намесніка гендырэктара па бяспецы, ён «паспеў паглыбіцца ва ўсе кірункі дзейнасці клуба, вывучыць унутраныя адміністрацыйныя і камерцыйныя працэсы». Кіраўнік назіральнага савета падкрэсліў, што прызначэнне Анатоля Курыльца «не прадугледжвае рэвалюцыйных змяненняў у стратэгіі развіцця клуба». «Дынама» працягне рухацца ў выбраным кірунку, дамагаючыся высокіх спартыўных вынікаў і працягваючы заставацца базавым клубам нацыянальнай зборнай», — заявіў Шуневіч.

Выконваючы абавязкі гендырэктара Павел Бурба працягне працу ў «Дынама» на пасадзе намесніка гендырэктара і будзе курыраваць спартовы кірунак, упраўненне маркетынгу і камерцыйных праектаў, а таксама прэс-службу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?