Напэўна не ўсе маладзечанцы ведаюць, што ж такое»Кірмаш праектаў» і навошта ў ім ўдзельнічаць.

Кірмаш праектаў — гэта досыць новы фармат публічных мерапрыемстваў і ўяўляе сабой конкурс ідэй, якія здольныя вырашыць нейкія культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы. Кампанія «Будзьма беларусамі!» ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў і каб жыццё яго жыхароў стала лепшым. Калі так будзе ў кожным гарадку ці мястэчку, лепшым стане жыццё і ва ўсёй краіне.

«Будзьма беларусамі!» аб’ехала з «Кірмашамі» Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Рагачоў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары пазнаходзілі аднадумцаў і для рэалізацыі іншых цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе«Кірмаш праектаў» у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей. Сярод іх — Летні маркет «Барадулінкі», фестываль актыўнага адпачынку «Свята ветру», турнір па футбольным фрыстайле «Вежа», першая агульнагарадская фотасушка, «Спеўны сход» і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў Магілёве з’явілася «Палатно гісторыі ў стылі графіці», якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты, а яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект «Паэзія ў метро», чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.

«Кірмаш праектаў» — гэта месца, дзе вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.

«Кірмаш праектаў» — гэта месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары і крытыкі. Удзел у конкурсе ідэй «Кірмаш праектаў для Маладзечна» — гэта выдатны шанец супольнымі высілкам зрабіць сваю мару рэальнасцю, зрабіць любімы горад лепшым!

Дасылайце свае ідэі на анлайн-кірмаш да 7 лістапада 2016 года і далучайцеся да конкурсу!

Даведкі: +375297121803, [email protected].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?