Мастацкі кіраўнік маскоўскага тэатра «Сатырыкон» Канстанцін Райкін выступіў на з'ездзе Саюза тэатральных дзеячаў Расіі.

У сваёй прамове ён раскрытыкаваў цэнзуру, «сталінскія ўстаноўкі» Міністэрства культуры, закрыццё спектакляў і выстаў пад прыкрыццём патрыятызму і маральнасці, абслугоўванне царквой інтарэсаў дзяржавы. Райкін папракнуў усю тэатральную супольнасць за маўчанне і заклікаў аб'яднацца, каб даць «адпор» таму, што адбываецца.

Прыводзім поўную расшыфроўку прамовы.

«Дарагія сябры, я ў вас прашу прабачэння, што цяпер я буду казаць трошкі зблытана, так бы мовіць. Бо я толькі з рэпетыцыі, у мяне яшчэ вечаровы спектакль, і я ўнутрана трошкі сучу ножкамі — я прывык загадзя прыходзіць у тэатр і рыхтавацца да спектакля, які сыграю. І яшчэ неяк мне даволі складана гаварыць спакойна на тэму, якую я хачу закрануць. Па-першае, сёння 24 кастрычніка — і 105 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Райкіна, я вас усіх віншую з гэтай падзеяй, з гэтай датай.

І, вы ведаеце, я вам так скажу, што ў мяне тата, калі зразумеў, што я стану артыстам, вучыў мяне адной рэчы, ён неяк у маю свядомасць уклаў адну такую рэч, ён называў гэта — цэхавая салідарнасць. То бок гэта нейкая этыка ў адносінах да тых, хто займаецца адной справай разам. І, мне здаецца, нам цяпер вельмі своечасова пра гэта ўспомніць ўсім.

Таму што мяне вельмі трывожаць — я думаю, як і вас усіх, — тыя з'явы, якія адбываюцца ў нашым жыцці. Гэтыя, так бы мовіць, «наезды» на мастацтва, на тэатр у прыватнасці. Гэтыя зусім беззаконныя, экстрэмісцкія, нахабныя, агрэсіўныя, якія прыкрываюцца словамі аб маральнасці, і наогул усялякімі, так бы мовіць, добрымі і высокімі словамі: «патрыятызм», «Радзіма» і «высокая маральнасць» — вось гэтыя групкі абражаных нібыта людзей, якія закрываюць спектаклі, закрываюць выставы, нахабна вельмі сябе паводзяць, да якіх неяк дзіўна ўлада нейтральная, дыстанцуецца. Мне здаецца, што гэта пачварныя замахі на свабоду творчасці, на забарону цэнзуры.

А забарона цэнзуры (я не ведаю, як хто да гэтага ставіцца) — я лічу, што гэта найвялікшая падзея векавога значэння ў нашым жыцці, у мастацкім, духоўным жыцці нашай краіны. У нас гэты праклён і ганьба наогул айчыннай нашай культуры, нашага мастацтва, шматвекавы, нарэшце, быў забаронены.

І што цяпер адбываецца? Я зараз бачу, як свярбяць рукі ў кагосьці гэта змяніць і вярнуць назад. Прычым вярнуць назад не проста ў часы застою, а яшчэ ў больш даўнія часы — у сталінскія часы. Таму што з намі размаўляюць нашы начальнікі непасрэдныя такім лексіконам сталінскім, такімі сталінскімі ўстаноўкамі, што проста вушам сваім не верыш!

Гэта кажуць прадстаўнікі ўлады, мае непасрэдныя начальнікі, спадар Арыстархаў так размаўляе. Хоць яго наогул трэба перакладаць з арыстархскай на рускую, таму што ён кажа мовай, якой проста сорамна, што ад імя міністэрства культуры так чалавек размаўляе.

Мы сядзім і слухаем гэта. Мы што — не можам неяк выказацца ўсе разам?

Я разумею, у нас даволі розныя традыцыі, у нашай тэатральнай справе — таксама. Мы вельмі раз'яднаныя, мне здаецца. Мы дастаткова мала цікавімся адзін адным. Але гэта палова бяды. Галоўнае, што ёсць такая гідкая манера — кляпаць і паклёпнічаць адзін на аднаго. Мне здаецца, гэта проста зараз недапушчальна! Цэхавая салідарнасць, як мяне тата вучыў, абавязвае кожнага з нас, работніка тэатра — артыста ці рэжысёра, — не гаварыць у сродках масавай інфармацыі дрэнна адзін аб адным. І ў інстанцыях, ад якіх мы залежым. Ты можаш колькі заўгодна быць не згодным творча з нейкім рэжысёрам, артыстам. Напішы яму эсэмэску зласлівую, напішы яму ліст, пачакай яго ля пад'езда, скажы яму, але не трэба ў гэта ўмешваць сродкі масавай інфармацыі, і рабіць гэта здабыткам усіх, таму што гэта нашы звады, якія абавязкова будуць, будуць!

Творчая нязгода, абурэнне — гэта нармальна. Але калі мы запаўняем гэтым газеты і часопісы, і тэлебачанне — гэта на руку толькі нашым ворагам — гэта значыць тым, хто хоча прагнуць мастацтва пад інтарэсы ўлады. Маленькія, канкрэтныя, ідэалагічныя інтарэсы. Мы, дзякуй Богу, ад гэтага вызваліліся.

Я памятаю… Мы ўсе родам з савецкай улады. Я памятаю гэты ганебны ідыятызм. Гэта прычына, адзіная, па якой я не хачу быць маладым, не хачу вярнуцца туды зноў, у гэтую гідкую кніжку, зноў яе чытаць. А мяне прымушаюць гэтую кніжку зноў чытаць! Бо словамі аб маральнасці, Радзіме і народзе, і патрыятызме прыкрываюцца, як правіла, вельмі нізкія мэты. Не веру я гэтым групам абураных і пакрыўджаных людзей, у якіх, бачыце, іх рэлігійныя пачуцці абражаны. Не веру! Веру, што яны праплачаны.

Так што, гэта групкі брыдкіх людзей, якія змагаюцца незаконнымі мярзотнымі шляхамі за маральнасць, бачыце. Калі мочой абліваюць фатаграфіі — гэта што, барацьба за маральнасць, ці што?

Наогул не трэба грамадскім арганізацыям змагацца за маральнасць у мастацтве. Мастацтва само ў сабе мае дастаткова фільтраў з рэжысёраў, мастацкіх кіраўнікоў, крытыкаў, гледачоў, душы самога мастака. Гэта носьбіты маральнасці. Не трэба рабіць выгляд, што ўлада — гэта адзіны носьбіт маральнасці і маралі. Наогул гэта не так.

Наогул, ва ўладзе столькі спакус каля яе, вакол яе, столькі спакусаў, што разумная ўлада плаціць мастацтву за тое, што мастацтва перад ёй трымае люстэрка і паказвае ў гэта люстэрка памылкі, пралікі і заганы гэтай улады. Вось разумная ўлада за гэта яму плаціць! А не за тое плаціць улада, як кажуць нам нашы кіраўнікі, што: «А вы тады і рабіце. Мы вам плацім грошы, вы тады і рабіце, што трэба». А хто ведае? Яны будуць ведаць, што трэба? Хто нам будзе казаць?

Я зараз чую: «Гэта чужыя нам каштоўнасці. Шкодна для народа». Гэта хто вырашае? Гэта яны будуць вырашаць? Яны ўвогуле не павінны ўмешвацца. Яны не павінны ўмешвацца. Яны павінны дапамагаць мастацтву, культуры.

Уласна, я лічу, што нам трэба аб'яднацца, яшчэ раз кажу — нам трэба аб'яднацца. Нам трэба плюнуць і на час забыцца пра нашыя мастацкія тонкія рэфлексіі ў дачыненні адзін да аднаго. Мне можа колькі заўгодна не падабацца нейкі рэжысёр, але я касцьмі лягу, каб яму далі выказацца. Гэта я паўтараю словы Вальтэра наогул, практычна, таму што такія якасці высокія чалавечыя ў мяне. Разумееце? А наогул, на самай справе, калі не жартаваць, то мне здаецца, гэта ўсе зразумеюць. Гэта нармальна: будуць нязгодныя, будуць абураныя.

Нарэшце нашы дзеячы тэатра сустракаюцца з прэзідэнтам. Гэта сустрэчы такія нячастыя. Я б сказаў, дэкаратыўныя. Але ўсё-ткі яны адбываюцца. І там можна вырашыць нейкія сур'ёзныя пытанні. Не. Чамусьці і тут пачынаюцца прапановы ўвесці магчымую мяжу трактоўкі класікі. Ну навошта прэзідэнту вызначаць гэтую мяжу? Ну навошта яго ў гэтыя справы ўцягваць. Ён не павінен наогул гэтага разумець. Ён не разумее — і не трэба яму разумець. І наогул, навошта вызначаць гэтую мяжу? Хто там будзе памежнікам? Арыстархаў? Ну не трэба гэтага. Няхай яе трактуюць. Нехта будзе абураны — выдатна.

У нас наогул у тэатры адбываецца маса цікавых рэчаў. І маса цікавых спектакляў. Ну, маса — я называю, калі шмат. Я лічу, што гэта добра. Розных, спрэчных — выдатна! Не, мы зноў чамусьці хочам… Мы адзін на аднаго паклёпнічаем, даносім часам, проста вось так, паклёпнічаем. І зноў хочам у клетку! У клетку навошта ізноў? «Каб цэнзура, давайце!» Не трэба, не трэба! Божа, што ж мы губляем і самі адмаўляемся ад заваёў? Што ж мы ілюструем Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, які казаў: «Толькі пазбаў нас апекі, мы тут жа папросімся назад у апеку». Ну што ж мы? Ну няўжо ён такі геній, што і пра нас настукаў на тысячу гадоў наперад? Пра наша, так бы мовіць, рабалепства.

Я прапаную ўсім: сябры, нам трэба ўсім выразна выказацца з гэтай нагоды — з нагоды гэтых закрыццяў, а то мы маўчым. Чаму мы маўчым ўвесь час?! Закрываюць спектаклі, закрываюць гэта… Забаранілі «Ісус Хрыстос — суперстар». Госпадзе! «Не, кагосьці гэта абразіла». Так, абразіць кагосьці, і што?

І царква наша няшчасная, якая забылася, як яе цкавалі, знішчалі святароў, зрывалі крыжы і рабілі гароднінасховішчы ў нашых цэрквах. І яна пачынае дзейнічаць такімі ж метадамі цяпер. Значыць, меў рацыю Леў Мікалаевіч Талстой, які казаў, што не трэба злучацца з уладай царкве, інакш яна пачынае не Богу служыць, а ўладу абслугоўваць. Што мы ў вялікай ступені і назіраем.

І не трэба, што: «Царква будзе абурацца». Ну нічога! Нічога! Не трэба адразу закрываць усё! Ці, калі закрываюць, трэба рэагаваць на гэта. Нам разам. Вось паспрабавалі там нешта зрабіць з Борам Мільграмам у Пермі. Ну, вось неяк мы ўсталі дыбарам, многія. І вярнулі яго на месца. Уяўляеце? Наша ўлада зрабіла крок назад. Здзяйсняючы глупства, зрабіла крок назад і выправіла гэтае глупства. Гэта ўзрушае. Гэта так рэдка і нетыпова. Але зрабілі гэта. І мы таксама ў гэтым паўдзельнічалі — разам сабраліся і раптам выказаліся.

Мне здаецца, цяпер, у вельмі цяжкія часы, вельмі небяспечныя, вельмі страшныя; вельмі гэта падобныя… не буду казаць на што, але самі разумееце. Нам трэба разам вельмі злучыцца і вельмі выразна даваць адпор гэтаму.

Яшчэ раз з днём нараджэння Аркадзя Райкіна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?