Сёння ў судзе Мінскага раёна і горада Заслаўя зноў разлядалася справа аб «жывым шчыце».

Суд запатрабаваў паказанні сведкі — начальніка аддзела па арганізацыі дарожнага руху ДАІ МУС Юрыя Траяна.

На думку прадстаўніка ДАІ, месца для арганізацыі «жывога шчыта» было аптымальным для правядзення такіх аперацый. Паводле Траяна, участак дарогі, дзе была выстаўлена жывая заслона, уяўляе сабой прамы адрэзак з добрым асвятленнем і так званымі адбойнікамі па абодвух баках.

Юрый Траян заявіў: калі б п’яны Раман Мянцюк уварваўся ў Мінск на такой хуткасці, то наступствы былі б больш жахлівымі.

Што да паказанняў Траяна наконт дзеянняў ДАІ ў той дзень, то яны былі вельмі блытанымі і шмат у чым супярэчылі таму, што ён казаў падчас папярэдняга следства. На гэта звярнула ўвагу нават суддзя і працытавала некаторыя яго ранейшыя сцверджанні. Большай часткай Траян сёння ўжываў наступныя рэплікі: «Не памятаю», «Не ведаю». Ён нават не змог успомніць, ці ёсць нейкая адмысловая інструкцыя, якая рэгулюе дзеянні ДАІ ў такіх экстрэмальных сітуацыях.

Сёння скончыўся этап папярэдняга судовага следства. Працэс працягнецца заўтра а 14‑й гадзіне судовымі спрэчкамі.

Нагадаем, 2 сакавіка падсудныя па гэтай крымінальнай справе, супрацоўнікі ДАІ Кастрычніцкага раёна Мінска Генадзь Дарагакупец і Аляксей Ліхтаровіч, а таксама два іх калегі ўдзельнічалі ў затрыманні на трасе Мінск — Мікашэвічы п’янага вадзіцеля Рамана Менцюка, які ехаў у бок сталіцы з хуткасцю 160 кіламетраў за гадзіну. Каб спыніць парушальніка, супрацоўкі ДАІ выставілі на яго шляху заслону з некалькіх машын, у якіх знаходзіліся людзі — пяцёра дарослых і дзіця. Дарагакупец і Ліхтаровіч абвінавачваюцца ва злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 1 арт. 424 Крымінальнага кодэкса).

Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0