Адзін з удзельнікаў талакі прэзентаваў музею тэлевізар, а Глеб Лабадзенка, дырэктар курсаў «Мова Нанова», перадаў на флэшцы вялікі архіў здымкаў і ўласны відэазапіс экскурсіі, якую ў гэтай сядзібе праводзіла сястра пісьменніка Валянціна Быкава.

У цэлым перададзеныя рэчы можна ацаніць прыкладна на $700.

Падарункі вырашылі далёка не хаваць. Пагатоў, хоць музей існуе ўжо 12 год, сцены ў хаце практычна пустыя, а экспазіцыя ў цэлым больш, чым бедная. Таму прымацавалі тэлевізар, развесілі па пакоях фотаздымкі, знайшлі месца крэслу. Але не прайшло і пары дзён, як і фота, і тэлевізар, і крэсла прыбралі — і невядома, ці вернуць назад.

Днямі Глеб Лабадзенка атрымаў ліст з Ушацкага райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Андрэя Галяковіча:

«Ушацкі раённы выканаўчы камітэт, разгледзеўшы ваш зварот аб перадачы рэчаў у сядзібу-музей сям’і В. Быкава, паведамляе наступнае.

Студэнтамі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» 1 кастрычніка 2016 г. у сядзібе-музеі сям’і В. Быкава, філіяле ўстановы культуры «Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е. Лабанка», без узгаднення з кіраўніцтвам апошняй, у экспазіцыйных залах былі размешчаны прадметы і рэчы (тэлевізар, флэш-карта, насценны кранштэйн, адрэстаўраванае крэсла, фотаздымкі). Дадзеныя дзеянні з’яўляюцца парушэннем дзеючага заканадаўства ў галіне музейнай справы.

У адпаведнасці з вышэйпададзеным, прадметы, пералічаныя ў вашым лісце, не могуць быць залічаны ў разрад экспанатаў музейнай установы».

Лабадзенка: «Яны паступаюць вельмі няўдзячна»

Цягам некалькіх тыдняў, яшчэ да атрымання ліста з райвыканкама, дырэктар курсаў «Мова Нанова» спрабаваў дамовіцца з адміністрацыяй музея і мясцовымі ўладамі. Ён не адмаўляе, што афіцыйнай працэдуры перадачы музею рэчаў праведзена не было. Аднак удакладняе, што толькі з прычыны няведання тонкасцяў музейнай справы і раптоўнай магчымасці зрабіць гэтыя падарункі музею. Літаральна за некалькі дзён да паездкі знайшоўся чалавек, гатовы ахвяраваць тэлевізар, а гаспадар багетнай майстэрні Сяргей Лобач прапанаваў вырабіць фотаздымкі.

«Калі высветлілася, што мы парушылі інструкцыі, тэлевізар і фотаздымкі знялі, выпісалі штраф загадчыку філіяла, хаця ён зусім ні пры чым, — распавядае Глеб. — Ён не ведаў, што мы ўсё гэта прывязём, гэта быў сюрпрыз, абсалютна шчыры. Я пазваніў дырэктарцы Ушацкага музея і запытаўся, як зрабіць усё па правілах. Яна сказала даслаць на імя старшыні райвыканкама зварот і пералічыць у ім рэчы, якія мы прэзентуем філіялу музея. Я зрабіў гэта ў той жа дзень. Мы чакалі, што нягледзячы на наш фармальна-бюракратычны промах, усё ўдасца вырашыць палюбоўна».

Для Глеба Лабадзенкі гэтая адмова залічыць падораныя рэчы ў разрад экспанатаў музейнай установы цалкам нечаканая. Усё ж падарункі каштуюць немалыя грошы.

«Скажам адкрыта, экспазіцыя ў гэтым музеі не вытрымлівае ніякай крытыкі, то бок яе практычна няма. Гэта не ўзровень музея народнага пісьменніка Беларусі. Але я не казаў гэта ўголас раней, бо лічыў, што трэба не ляпаць языком, а дапамагчы людзям.

Калі я прывожу туды экскурсіі, то бяру з сабой тэчку фотаздымкаў і планшэт з відэа, толькі так магу штосьці расказаць экскурсантам. І вось мы вырашылі дапамагчы і атрымалі такую няўдзячнасць. Мяне гэта абурае, таму што з іх боку гэта правінцыйная выхадка. Упэўнены, што ні ў Віцебску, ні ў Мінску ніхто б з музейшчыкаў не стаў бы так сябе паводзіць. Калі прыязджаюць людзі з падарункам, а ім у адказ — забірайце назад, вы паперкі няправільна аформілі. Гэта проста сведчыць пра тое, што людзі не маюць такой практыкі ці не ўмеюць будаваць стасункі з патэнцыйнымі спонсарамі музея.

Калі б з намі павялі сябе па-чалавечы, мы б цяпер натхніліся, магчыма, сабралі б для іх грошы, зрабілі б, напрыклад, стэнды ля музея. Але што рабіць, калі табе кажуць: «Ідзіце адсюль са сваімі падарункамі»?»

Райвыканкам: «Ніякай праблемы няма»

Тым часам намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Наталля Марковіч канфлікту інтарэсаў не бачыць.

«Насамрэч, ніякай праблемы няма. Проста існуе дзейсная экспазіцыя і для таго, каб унесці ў яе змены, іх трэба зацвердзіць у вызначаным заканадаўствам парадку, — каментуе Наталля Марковіч. — Прыйшлі ў музей, самі прадзіравілі сцены, прыкруцілі тэлевізар — а мала ці што? Трэба было ў адпаведнасці з законам правесці гэтую працэдуру, вось і ўсё. Безумоўна, мы зацікаўленыя ў папаўненні фондаў нашых музеяў. Толькі, канечне, усё павінна быць зроблена не стыхійна, а ў адпаведнасці з законам і па парадку. На музей, яго рамонт выдаткоўваюцца досыць вялікія грошы. Мы імкнёмся захоўваць яго на годным узроўні. Таму тут канфлікту інтарэсаў няма».

Шапран: «Шматпакутнае крэсла магло быць адным з найкаштоўнейшых экспанатаў»

Найлепшы біёграф Васіля Быкава, знаны літаратуразнаўца Сяргей Шапран сам неаднойчы перадаваў матэрыялы і асабістыя рэчы, якія датычаць жыцця і творчасці славутых беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, — у многія музеі краіны: і ў тыя ж Бычкі, і ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, і ў гарадзенскі Музей Максіма Багдановіча, і ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. І кожнага разу чуў у адказ выключна словы падзякі.

«Бычкоўскі музей ствараўся на нашай памяці і на нашых вачах, і я добра ведаю, як складалася ягоная экспазіцыя, — распавядае Сяргей Шапран. — Неаднойчы матэрыялы для музея перадавалі жонка Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна і ягоная сястра Валянціна Уладзіміраўна, і гэта не выклікала ніякіх пытанняў. Адзін з самых каштоўных экспанатаў — першы франтавы ліст Васіля Уладзіміравіча — знайшлі падчас зносу хаты і перадалі ўжо ў той час, калі музей працаваў. Увогуле там не так шмат асабістых рэчаў сям’і Быкавых. Тое ж шматпакутнае крэсла, якое перадаў цяпер Глеб Лабадзенка, магло быць адным з найкаштоўнейшых экспанатаў — разам з тым жа франтавым лістом, сямейнай іконай і чамаданам, з якім Быкаў прыехаў у 1955 годзе з Далёкага Усходу».

Дарэчы, крэсла не ўзялі яшчэ падчас фармавання экспазіцыі музея з той толькі прычыны, што яно было зламанае. Доўгі час яно захоўвалася ў Бычках разам з дровамі ў братавай Быкава Антаніны Аляксандраўны. Пару гадоў таму Сяргей з Глебам забралі яго і аддалі на рэстаўрацыю майстру Яўгену Зарубайку.

«Між іншым, гэтае крэсла, на якім рукой маленькага Васіля Быкава выразаны ініцыялы ягонага бацькі Уладзіміра Хведаравіча, Яўген Зарубайка адрэстаўраваў бясплатна. Здавалася, ушацкія ўлады павінны былі б шчыра дзякаваць і за гэтае крэсла, і за фотаздымкі, і за тэлевізар, дзякуючы якому наведнікі музея маглі б убачыць зафіксаваныя Глебам на відэа экскурсіі Валянціны Уладзіміраўны — найлепшага экскурсавода па бычкоўскім музеі. Але ж — не, — працягвае Шапран.

— З цягам часу я меркаваў перадаць у Музей-сядзібу Васіля Быкава ў Бычках і іншыя ўнікальныя рэчы, але цяпер, канечне, сумняюся, ці варта гэта рабіць, бо рэакцыя ўшацкіх уладаў можа быць непрадказальнай. Увогуле, не выключаю, што яны сыходзяць з нейкіх асабістых амбіцый, бо Глеб Лабадзенка зрабіў тое, што даўно ўжо належала зрабіць музейным спецыялістам з Ушачаў».

«Толькі нясіце! Хто ж адмовіцца?»

Як патлумачыў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, працэдура прыняцця рэчаў у фонд для ўсіх музеяў аднолькавая. Спачатку рэчы перадаюцца ў фондава-закупачную камісію, якая праводзіць экспертызу. Потым камісія праводзіць пасяджэнне і вырашае, прымаць ці не прымаць рэчы на захаванне ў музей. Калі гэтай працэдуры не адбылося, прадметы не могуць быць прынятыя. Прычыну адмовы спецыялісты мусяць патлумачыць: ці рэчы не адпавядаюць профілю музея, ці яны ў такім стане, што музей не можа забяспечыць іх захаванасць ці рэстаўрацыю.

«Мы можам прыняць нейкія рэчы Васіля Быкава на захаванне, калі яны сапраўды падыходзяць нам па профілі і фондава-закупачная камісія вырашыць, што яны нам неабходныя, — абяцае Зміцер Яцкевіч. — Сам я ўвесь час дару музеям якія-небудзь прадметы. Альбо дапамагаю нейкім іншым чынам: праводжу экспертызы, кансультацыі, спрыяю таму, каб рэчы апынуліся на захаванні музея і сталі даступныя ўсім. Тут і пытання быць не можа, мы павінны вітаць гэта».

Вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Наталля Адамовіч распавяла, што сёлета яны ладзяць асобную выставу з рэчаў, якія атрымалі ад людзей у падарунак.

«Што тычыцца нашага музея, то мы вельмі рады падарункам. У нас хутка будзе 30-я штогадовая практычная канферэнцыя «Каласавіны» і якраз рыхтуецца выстава «Дары музею», дзе будзе тое, што мы бясплатна атрымалі за шмат гадоў, — кажа спадарыня Наталля. —

Музей — бюджэтная арганізацыя, і калі хтосьці нам штосьці дарыць ці просіць маленькую капейку — мы згодныя. Толькі нясіце! Хто ж адмовіцца? Падаецца, любы музей будзе рады».

Дырэктарка Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка кажа, што ў іх працэдура прыняцця рэчаў увогуле зусім простая.

«Мы — архіў-музей, і адносімся да архіўнай галіны краіны. У нас гэта зусім проста. Чалавек прыходзіць, прыносіць рэчы, піша заяву. Яна разглядаецца на бліжэйшым пасяджэнні экспертнай камісіі і выносіцца рашэнне. Пасля складаецца дагавор паміж уласнікам і архівам. А далей і рэчы, і дакументы знаходзяць сваё месца ў асабістым фондзе. У нас усё гэта адпрацавана ўжо далёкай даўняй практыкай, якая, зразумела, удасканальвалася. Шмат новага з’явілася ў нас за апошнія дзесяць гадоў, але ніякіх праблем з гэтым не было. Што тычыцца дакументаў і фатаграфій, Лабадзенка добра ведае наш адрас, няхай прыйдзе, мы з вялікай падзякай усё ў яго прымем», — прапанавала Ганна Запартыка.

Цяпер знятыя фотаздымкі і тэлевізар знаходзяцца ў хаце ў загадчыка філіяла «Музей-сядзіба Васіля Быкава». Глеб Лабадзенка кажа, што забіраць рэчы назад — апошняя справа. І дагэтуль спадзяецца, што здаровы сэнс возьме верх:

«Добра, нам спрабуюць вярнуць назад тэлевізар і здымкі, — дапусцім, людзі вырашылі, каб у музеі далей былі голыя сцены. Гэта палова абсурду. Але ж у гэтым лісце ў нас адмаўляюцца прыняць і крэсла, на якім больш за 80 гадоў таму Васіль Быкаў выразаў ініцыялы свайго бацькі!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?