Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў спадзяецца, што байкер Хірург (Аляксандр Залдастанаў) папросіць прабачэння перад рэжысёрам Канстанцінам Райкіным, паведамляе ВВС. 

Getty

«Я лічу, што проста чорт падбіў гэтага матацыкліста, які яго (Канстанціна Райкіна) абразіў. Я спадзяюся, што ён папросіць прабачэння», — сказаў Пяскоў журналістам.

Пяскоў адзначыў, што да таленту Райкіна ў Крамлі ставяцца «з бязмежнай павагай».

Раней лідар «Начных ваўкоў» па мянушцы Хірург абвінаваціў Райкіна ў спробе ператварыць Расію ў «сцёкавую канаву».

«Д'ябал заўсёды спакушае свабодай! А пад выглядам свабоды гэтыя райкіны хочуць ператварыць краіну ў сцёкавую канаву, па якой плыў бы бруд», — заявіў Залдастанаў.

Ён паабяцаў зрабіць усё, каб абараніць расіян «ад амерыканскай дэмакратыі, нягледзячы на ўсе іх рэпрэсіі супраць свабоды, якія яны распаўсюджваюць па ўсім свеце».

24 кастрычніка мастацкі кіраўнік тэатра «Сатырыкон» Канстанцін Райкін выступіў на сёмым з'ездзе Саюза тэатральных дзеячаў Расіі з эмацыйнай прамовай, у якой заявіў, што мастацтва знаходзіцца пад уціскам пры папушчальніцтве ўладаў.

У сераду Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў выступ Райкіна, заявіўшы, што дзяржава мае права «пазначаць тэмы» твораў мастацтва, за стварэнне якіх плаціць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?