Беларускія спартсмены, пазбаўленыя алімпійскіх медалёў за ўжыванне забароненых прэпаратаў, не будуць вяртаць прызавыя грошы, атрыманыя ад дзяржавы за гэтыя ўзнагароды, паведаміла 27 кастрычніка прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Анастасія Марыніна.

«Не існуе юрыдычнай працэдуры вяртання прызавых, яна не прапісаная ў заканадаўстве. Гэтая працэдура сапраўды знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, але тэрміны яе зацвярджэння пакуль невядомыя», — растлумачыла яна.

За два дні Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пазбавіў Беларусь трох алімпійскіх медалёў.

26 кастрычніка МАК абвясціў аб пазбаўленні беларускіх штангістаў Анастасіі Новікавай і Андрэя Рыбакова узнагарод Алімпіяды-2008 за ўжыванне забароненых прэпаратаў.

Новікава была бронзавым прызёрам Пекіна ў вагавой катэгорыі да 53 кг. Паўторнае даследаванне яе допінг-пробы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій выявіла наяўнасць дэгідрахлорметылтэстастэрону (турынаболу) і станазалолу. У пробе Рыбакова, які заняў другое месца ў вагавой катэгорыі да 85 кг, былі выяўленыя тыя ж рэчывы.

27 кастрычніка бронзавага медаля Алімпійскіх гульняў-2012 у вагавой катэгорыі да 69 кг была пазбаўленая Марына Шкерманкова. Паводле вынікаў пераправеркі допінг-пробаў Гульняў у Лондане ў Шкерманковай выяўленыя забароненыя прэпараты турынабол і станазалол.

У Пекіне прызавыя былі ўсталяваныя ў наступным памеры: 100 тыс. даляраў за золата, 50 тыс. — за серабро, 30 тыс. — за бронзу. На Лондан іх павялічылі да 150 тыс., 75 тыс. і 50 тыс. даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?