На продаж выстаўлена ААТ «Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», інвестару прапануецца набыць да 100% акцый, паведамілі ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі.

Кампанія ўваходзіць у тройку найбуйнейшых вытворцаў керамічнай пліткі ў Беларусі і з'яўляецца найбуйнейшай прыватнай вытворчасцю. Акрамя таго, прадпрыемства ўваходзіць у топ-5 вытворцаў керамічнай цэглы.

На прадпрыемстве адзначылі, што Брэсцкі КБМ — паўнавартасна існуючы завод, здольны ў самыя кароткія тэрміны нарасціць выпуск прадукцыі. Камбінат знаходзіцца недалёка ад трасы Е30 і чыгункі, якая злучае Маскву і гарады Беларусі з Еўропай.

Для вытворчасці выдзелена тэрыторыя плошчай 14 га з інжынернымі сеткамі. У завода ёсць уласнае радовішча гліны (22 га), а таксама другая вытворчая пляцоўка (2,2 га) для вытворчасці фрыты і фірмовы магазін. Усяго ў прадпрыемства — каля 40 000 м² вытворчых і адміністрацыйных плошчаў.

Больш за 70% пліткі і цэглы рэалізуецца ў Расію, Казахстан, Кыргызстан, Арменію, Узбекістан.

На прадпрыемстве абяцаюць арганізаваць візіт інвестара на завод у самыя кароткія тэрміны, а таксама правесці перамовы і сустрэчу з ўласнікамі. На заводзе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па паляпшэнні фінансавага становішча прадпрыемства ў рамках працэдуры санацыі.

Праблемы на прадпрыемстве пачаліся два гады таму, а восенню 2015 года кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла запусціць працэдуру банкруцтва, каб пазбегнуць поўнага прыпынення вытворчасці і масавага звальнення людзей. Прычынамі фінансавых праблем сталі падзенне расійскага рубля ў адносінах да сусветных валют, падаражэнне энергарэсурсаў, а таксама выплата крэдытаў, узятых на мадэрнізацыю вытворчасці. У выніку была спыненая лінія па вытворчасці керамічнай пліткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?