У панядзелак на тэлеканале быў паказаны мастацкі фільм пра дыктатуру ваеннай хунты ў М’янме.

Фільм «Па‑за Рангунам» (Beyond Rangoon) быў зьняты рэжысёрам Джонам Бурмэнам у 1995 г.

У амэрыканкі Лоры Боўмэн (Патрыcія Аркет) рабаўнікі забілі мужа і маленькага сына. Каб адарваць жанчыну ад дэпрэсіўных думак сястра вязе яе адпачыць у М’янму, палюбавацца шыкоўнымі храмамі і незвычайнай прыродай.

Адной ноччу Лора становіцца сьведкам дэманстрацыі нязгодных з ваеннай хунтай і бачыць лідэра апазыцыі Аунг Сан Су Джы. На наступны дзень у Лоры губляецца пашпарт, і яна застаецца ў М’янме. Разам са сваім выпадковым знаёмцам прафэсарам Аунг Ко, выгнаным з унівэрсытэту за дапамогу студэнтам, жанчына пачынае падарожжа па краіне. На дварэ ‑‑ 1988 год.

У фільме яскрава паказаная нялюдзкая сутнасьць ваеннай хунты М’янмы: расстрэлы, жорсткія экзэкуцыі нязгодных, зьдзек і гвалт. А таксама паказаныя бясстрашныя студэнты і манахі, якія бяззбройныя кідаюцца на салдацкія шэрагі і гінуць пад кулямі.

Адзін са студэнтаў кажа Лоры: «Амэрыка нам не дапаможа, мы самі вызвалімся толькі тады, калі кожны жыхар краіны ўсьвядоміць, што хоча быць свабодным. Ня сёньня, так праз год, ці праз дваццаць гадоў».

У фільме крытыкуецца і стаўленьне заходніх краін да сытуацыі ў М’янме. Лора Боўмэн не разумее: «Калі фатаздымкі з падаўленьня студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь абышлі ўвесь сьвет, то да студэнцкіх і манаскіх дэманстрацый у М’янме нікому няма справы».

Пры канцы фільма Лора і прафэсар Аунг Ко апынуліся ў лягеры партызан. Яго насельнікі ўключаюць радыё Бі‑Бі‑Сі паслухаць


Аунг Сан Су Джы
апошнія навіны. Дыктар абвяшчае: «Ауг Сан Су Джы зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з просьбай падтрымаць выступленьні ў М’янме». Партызаны і ўцекачы, затаіўшы дыханьне, сьціхаюць. Але наступная фраза, сказаная журналістам Бі‑Бі‑Сі, проста забівае: «А цяпер пяройдзем да навінаў спорту».

Хэпі энду ў гэтым фільме няма. Уцекачы зь лягеру ратуюцца ў Тайляндзе, перайшоўшы мяжу. Але якой цаной? Ці не палова гіне пад мінамётным агнём бірманскай арміі.

Тыя выбары Аунг Сан Су Джы выйграла. Але ваенная хунта ўлады не аддала. Маючы магчымасьць пакінуць краіну і выехаць да сваёй сям’і за мяжу, гэта мужная жанчына выбрала добраахвотны хатні арышт, каб быць са сваім народам.

«І па сёньняшні дзень яна застаецца жывым сымбалем народу М’янмы ў змаганьні з дыктатурай», - гаворыць голас за кадрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0