Паміж Масквой, Падгорыцай і Бялградам узнік беспрэцэдэнтны ў постсавецкай гісторыі скандал.

Са спасылкай на крыніцы ў сербскіх урадавых колах бялградскія СМІ паведамілі: некалькі грамадзянаў Расеі былі дэпартаваныя з Сэрбіі «за ўдзел у падрыхтоўцы тэрарыстычных акцыяў у Чарнагорыі».

Пэўныя падрабязнасці падае маскоўскае выданне «Коммерсант».

Выданне адзначае, што гэтыя навіны супалі з нечаканым візітам у Бялград сакратара Рады бяспекі Расеі Мікалая Патрушава.

Фота: Darko Vojinovic / AP.

Мясцовыя эксперты перакананыя, што галоўная мэта візіту — абмеркаванне «чарнагорскага выпадку». Крыніцы «Коммерсанта», блізкія да ўраду Сэрбіі, запэўніваюць, што Бялград не зацікаўлены ў такім скандале, але і не хоча быць западозраным у датычнасці да падрыхтоўкі тэрактаў у суседняй краіне.

Нечаканы госць

Пра візіт сакратара Рады бяспекі Расіі ў Бялград стала вядома толькі напярэдадні ягонага прыезду — у аўторак, да гэтага паездка ніяк не анансавалася. Акрамя перамоваў з кіраўніком МУС Нэбайшам Стэфанавічам Мікалай Патрушаў сустрэўся з кіраўніцтвам краіны: у сераду — з прэзыдэнтам Томіславам Нікалічам і міністрам замежных справаў Івіцам Дачычам, а ў чацвер — з прэм’ерам Аляксандрам Вучычам.

Усе перамовы прайшлі ў строга закрытым рэжыме, а афіцыйна ў самым пачатку візіту было абвешчана, што расейскі госць прапанаваў сербскім уладам падпісаць мэмарандум аб узаемаразуменні ў галіне бяспекі, які стварыў бы сталы канал сувязі паміж Масквой і Бялградам у гэтай сферы.

Візыт, без сумневу, звязаны з тым, што адбылося ў суседняй Чарнагорыі, дзе ўлады абвясцілі аб прадухіленні тэрарыстычных акцыяў у дзень выбараў.

Крыніца «Коммерсанта», блізкая да ўраду Сербіі, удакладняе: «Расейскі госць, напэўна, хацеў бы высветліць нашы крокі для супрацы з Чарнагорыяй у расследаванні актыўнасці групаў, якія рыхтавалі беспарадкі ў Падгорыцы 16 кастрычніка».

Сербія супраць путчу

Сакратар Рады бяспекі РФ прыбыў у Бялград праз дзень пасля таго, як у панядзелак увечары сербскі прэм'ер Аляксандр Вучыч — адразу пасля пасяджэння Бюро каардынацыі службаў бяспекі Сербіі — апублікаваў дэталі плану захопу дзяржаўных устаноў Чарнагорыі пасля парламенцкіх выбараў 16 кастрычніка «пры спрыянні замежнага фактару». Вучыч пацьвердзіў інфармацыю чарнагорскага спецыяльнага пракурора Мілівое Катніча аб арышце групы грамадзян Сэрбіі, якая рыхтавала захоп Скупшчыны Чарнагорыі і стральбу па ўдзельніках мітынгу апазіцыі з мэтай справакаваць хаос і штурм парламента. Прэм'ер таксама абвясціў, што сербскія праваахоўныя органы выявілі «яшчэ некалькі небяспечных групаў», уцягнутых у рэалізацыю гэтага плана, за якімі стаяць «вельмі сур’ёзныя людзі».

«Арыштаваныя намі асобы дзейнічалі ў каардынацыі з іншаземцамі», — паведаміў Вучыч. І дадаў: «Існуюць неабвержныя доказы, што пэўныя асобы сачылі літаральна за кожным крокам прэм’ера Чарнагорыі ды інфармавалі пра гэта іншых людзей, якія мусілі дзейнічаць паводле іхных інструкцыяў. Мы знайшлі ў іх 125 тысяч еўра, спецыяльную ўніформу, іншыя рэчы. За прэм’ерам Чарнагорыі сачылі з дапамогай самага сучаснага абсталявання».

Сербскія СМІ паведамляюць: групы зламыснікаў падтрымлівалі сувязь з дапамогай тэлефонаў з шыфратарамі, мелі якасныя спадарожнікавыя здымкі дзяржаўных аб'ектаў у Падгорыцы, маршруты перамяшчэння чарнагорскага прэм'ера, а выяўленая ў іх уніформа, у якую яны мелі пераапрануцца пры захопе парламента, падобная да той, якую выкарыстоўвае чарнагорскі спецназ.

Як паведаміла са спасылкай на блізкія да ўрада Сербіі крыніцы бялградскае выданне Danas, некалькіх грамадзян Расеі дэпартавалі з Сербіі «за ўдзел у падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў у Чарнагорыі». 

Бялградскі суразмоўца «Коммерсанта», знаёмы з праблематыкай перамоў, сцвярджае, што задачай сакратара Рады бяспекі РФ было «разруліць сітуацыю і не дапусціць скандалу ў расейска-сербскіх дачыненнях». 

Бялград не зацікаўлены ў скандале. У той жа час, паводле суразмоўцаў «Коммерсанта», улады Сербіі, якія арыентуюцца на ўступ у ЕС, не хочуць быць западозранымі ў датычнасці да злачынных акцыяў у суседняй краіне. Гэта ўскосна пацвердзіў і сам прэм’ер Аляксандр Вучыч. Галоўны матыў апублікавання інфармацыі сербскіх спецслужбаў пра спробу путчу ў Чарнагорыі ён патлумачыў так: «Глыбока памыляліся тыя, хто лічыў, што Сербія якім-небудзь чынам будзе ўдзельнічаць у гэтым злачынстве».

МЗС Расіі 28 кастрычніка назваў інфармацыю «Коммерсанта» і сербскіх СМІ абсалютнай выдумкай, а візіт Патрушава — даўно запланаваным.

Чым Джуканавіч не задавальняе Расію

Нягледзячы на тое, што Чарнагорыя сёлета адсвяткавала дзесяцігоддзе незалежнасці, сербскія нацыяналістычныя партыі, а праз іх і Расія, захоўваюць значны ўплыў у гэтай балканскай краіне, звяртае ўвагу ЛІГА.net. Гэта і не дзіўна — 28,7% жыхароў краіны паводле перапісу 2011 года назвалі сябе этнічнымі сербамі. Чарнагорцаў — усяго 45%, і некаторыя з іх выступаюць за аднаўленне федэрацыі з Сербіяй.

75% грамадзян Чарнагорыі з'яўляюцца праваслаўнымі вернікамі і 70% з іх, паводле апытання CEDEM ў 2009 годзе, наведвалі епархіі Сербскай праваслаўнай царквы. У гэтай царквы нацягнутыя адносіны з чарнагорскімі ўладамі і Чарнагорскай праваслаўнай царквой, на якую прыпадае 30% праваслаўных вернікаў.

Міла Джуканавіч. Фота EРА.

Аднаўленне чарнагорскай незалежнасці стала шмат у чым вынікам шматгадовых намаганняў прэм'ер-міністра Міла Джуканавіча.

У студзені 1989 г. ва ўзросце 26 гадоў пры падтрымцы Слабадана Мілошавіча ён стаў адным з лідараў чарнагорскіх камуністаў, зрынуўшы падчас так званай антыбюракратычнай рэвалюцыі мясцовае кіраўніцтва. У 1991 годзе ён упершыню ўзначаліў чарнагорскі ўрад, стаўшы самым маладым прэм'ерам у Еўропе. Джуканавіч першапачаткова выяўляў сябе як тыповы прасербскі палітык — пры ім чарнагорскія ўлады падтрымлівалі Мілошавіча, выдавалі басьнійскіх бежанцаў арміі басьнійскіх сербаў.

Аднак напярэдадні вайны ў Косаве намеціўся раскол паміж Джуканавічам і Мілошавічам. У 1997 годзе Джуканавіч перамог прэзідэнта Чарнагорыі ў 1991—1998 гадах Маміра Булатовіча, які застаўся верным Мілошавічу.

Новы прэзідэнт абвясціў сябе прыхільнікам інтэграцыі ў ЕС, а бамбаванні НАТА Югаславіі ў 1999 годзе, якія закранулі і чарнагорскую тэрыторыю, прадставіў як прыклад пакут Чарнагорыі з-за рашэнняў сербскага кіраўніцтва.

Ужо пасля падзення рэжыму Мілошавіча, у 2003 годзе прэзідэнтам федэрацыі Сербіі і Чарнагорыі стаў паплечнік Джуканавіча Святазар Маравіч.

У маі 2006 года 55,5% чарнагорцаў пры яўцы ў 86% выбаршчыкаў прагаласавалі за аднаўленне незалежнасці Чарнагорыі, якая была страчана ў 1918 годзе.

Нягледзячы на празаходні курс Чарнагорыі, у 2008—2013 гадах багатыя расейцы масава скуплялі нерухомасць у краіне, наплыў турыстаў з РФ у 2013 годзе дасягнуў 300 тыс. у год. Афіцыйна, па дадзеных перапісу 2011 года ў Чарнагорыі рускія складалі 0,15% грамадзян.

Тым не менш, чарнагорскія СМІ паведамляюць пра 15—20 тысяч рускіх, якія пастаянна жывуць у краіне і валодаюць бізнесам у прыбярэжных гарадах.

Адносіны Расіі і Чарнагорыі сапсаваліся ў сакавіку 2014 года, калі балканская краіна ўпершыню далучылася да заходніх санкцый супраць РФ у сувязі з агрэсіяй супраць Украіны. На фоне Сербіі, якая адмовілася пайсці на такі крок, гэта было ўспрынята ў Крамлі як выклік. У расійскай прэсе з'явіліся артыкулы дарадцы Пуціна Сяргея Глазьева, які выкрывае «варожую да Расіі» палітыку чарнагорскіх уладаў. Расійскія ўлады абвінавацілі чарнагорскі ўрад у тым, што ён адабраў ў расейскай кампаніі сталеліцейны завод у Нікшычэ, блізкі да Пуціна алігарх Алег Дзерыпаска быў пазбаўлены алюмініевага завода, а чарнагорская паліцыя нібыта не імкнецца расследаваць рабавання віл расійскіх грамадзян. Была зменшана колькасць чартэрных рэйсаў з Расіі ў Чарнагорыю.

У Чарнагорыі адказалі размяшчэннем плакатаў з надпісамі «Лепш банан у руцэ, чым расійскі бот на шыі» і з цытатай вядомага югаслаўскага партызана і дысыдэнта Мілавана Джыласа «Рускія ніколі не былі сябрамі, мы заўсёды былі для іх разменнай манетай».

Супрацьстаянне стала больш жорсткім, калі на Захадзе вырашылі прыняць Чарнагорыю ў склад НАТА. У кастрычніку 2015 года Джуканавіч адкрыта абвінаваціў Расею ў падтрымцы антызаходніх настрояў і апазіцыйнай партыі Дэмакратычны фронт. 2 снежня 2015 года Чарнагорыя атрымала запрашэнне ў альянс і да вясны 2017 года чакаецца ратыфікацыя рашэнняў аб уступленні Чарнагорыі ў НАТА з боку членаў альянсу і самой Чарнагорыі. Менавіта таму ў Расіі былі настолькі зацікаўлены ў перамозе апазіцыі на выбарах у парламент, які разгледзіць пытанне ратыфікацыі.

Чарнагорыя сапраўды расколатая: апытанне ў чэрвені 2016 года паказала нязначную перавагу прыхільнікаў уступлення Чарнагорыі ў НАТА — 50,5% выступалі за сяброўства ў альянсе, 49,5% супраць. Акрамя таго, з боку ЕС неаднаразова гучалі папрокі ў адрас Джуканавіча аб недастатковай барацьбе з карупцыяй, аўтарытарных тэндэнцыях. Краіна таксама застаецца папулярным месцам для звядзення рахункаў паміж мафіёзі. Усе гэтыя довады выкарыстоўвае апазіцыя.

Аднак пасля кожных выбараў Джуканавіч застаецца ва ўладзе, часам пакідаючы на некаторы час пост прэм'ера ці прэзідэнта.

Расея на Балканах у апошнія гады падае сябе абаронцам ад заходняга ўплыву. Для гэтага выкарыстоўваецца так званы расійска-сербскі гуманітарны цэнтр у горадзе Ніш, створаны ў 2012 годзе пад эгідай МНС Расіі і МУС Сербіі — па сутнасці, выведвальны цэнтр Расіі на Балканах у непасрэднай блізкасці ад Косава.

Выкарыстоўваецца армія троляў, якая пазапаўняла шматлікія інтэрнэт-форумы былой Югаславіі на добрай старой сербскахарвацкай мове.

(Цяпер на Балканах афіцыйна падзяляюць харвацкую, сербскую, баснійскую і чарнагорскую мовы.) Тролі прасоўваюць антызаходнія лозунгі не толькі ў праваслаўных балканскіх дзяржавах, але нават у Харватыі. У прыватнасці, актыўна мусіруецца незадаволенасць патрабаваннямі з боку ЕС забяспечыць правы сэксуальных меншасцяў, што выклікае раздражненне сярод большасці насельніцтва балканскіх краін.

У той жа час ён лічыць, што стратэгія Расіі ў дачыненні да Чарнагорыі пацярпела няўдачу, пацвярджэннем чаго стала перамога празаходніх сілаў на выбарах 16 кастрычніка.

Нягледзячы на правал намаганняў Крамля ў Чарнагорыі, з пагрозай маштабнага расійскага ўмяшання на Балканах Захад можа сутыкнуцца ўжо ў снежні на датэрміновых парламенцкіх выбарах у Македоніі. Тут ужо паўтара года працягваецца палітычны крызіс, выкліканы супрацьстаяннем паміж бліжэйшым да Расіі урадам нацыяналістаў, якія не падтрымалі санкцый супраць Расіі і якія выступалі за будаўніцтва «Паўднёвага патоку», і празаходнімі сацыял-дэмакратамі.