Следства вызначыла дом, у якім сядзеў кілер, які прывёў у дзеянне выбуховую прыладу пад машынай Шарамета. Гэта дом нумар 17 на вуліцы Івана Франко ў Кіеве, пішуць украінскія СМІ.

Злачынцу — ці злачынцам — было лёгка хавацца ў рэканструяваным, нежылым будынку.

Што да падазраваных, то такіх пакуль няма. Але стала вядома, што следства зацікавілася шэрагам тэлефонных нумароў, якія адначасова і нядоўгачасова працавалі ў зоне месца пражывання і паркоўкі Паўла Шарамета

28 ліпеня ў Пячэрскі райсуд Кіева паступіла хадайніцтва следчых аб доступе да інфармацыі 10 канкрэтных нумароў мабільнай сувязі.

«[Тэлефонныя нумары] былі актыўныя ў 2016/07/20 і змянілі тэрміналы (ІМЕІ) у адзін час 2016/07/19», - гаворыцца ў абгрунтаванні рашэння.

«Пры правядзенні аналізу злучэнняў АСОБА_4 ўстаноўлена, што пра абставіны забойства могуць быць вядомыя ўладальнікам абаненцкіх нумароў НУМАР_3, НУМАР_4 і НУМАР_5, з якімі АСОБА_4 мела зносіны 2016/07/20 непасрэдна пасля яго здзяйснення», — гаворыцца ў тлумачэннях паліцыі.

16 жніўня следчы групы следчых ГСУ Нацыянальнай паліцыі Анджэй Падаляк падаў у Пячэрскі райсуд шэраг хадайніцтваў з просьбай аб чарговым доступе да дадзеных некалькіх мабільных нумароў.

У дакументах гаворыцца аб вызначэнні каардынатаў базавых станцый аператараў мабільнай сувязі «Кіевстар», «МТС», Lifecell, якія фіксавалі рэгістрацыі абанентаў, якія могуць быць датычныя да забойства Шарамета, па адрасах:

— Данецкая вобласць, Мангушскі раён, в. Юр’еўка,

— Данецкая вобласць, Мангушскі раён, Урзуф,

— Данецкая вобласць, Марыупаль, праспект Нахімава.

Следчыя прасілі суд дазволіць маніторынг абанентаў у гэтых мясцовасцях ў розныя перыяды часу.

Вышэйпаказаныя адрасы супадаюць з пунктамі дыслакацыі батальёна «Азоў», піша «Украінская праўда» — выданне, якое належыць сяброўцы Шарамета, Алене Прытуле.

Выданне адзначае, што з байцамі гэтага батальёна ў Паўла Шарамета былі добрыя і нават сяброўскія адносіны.

Акрамя таго, у суд прыходзіла яшчэ адно хадайніцтва аб доступе да 41 нумара сотавай сувязі.

У абгрунтаванні следчых гаворыцца, што гэтыя нумары належаць асобам, якія маюць дачыненне да добраахвотніцкіх батальёнаў і могуць быць датычнымі да забойства.

Паведамляецца, што пакуль заўчасна гаварыць пра датычнасць тых ці іншых асобаў ці батальёнаў да злачынства. Справа занадта складаная, каб зрабіць высновы, а забойцы маглі закласці нітачкі, якія падводзіць да памылковых слядоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?