Макс Стыл
Жанр: фантастыка, баявік, прыгоды
Рэжысёр: Сцюарт Хендлер
У ролях: Бен Уінчал, Джош Брэнер, Марыя Белла, Эндзі Гарсія, Ана Вілафэйн, Майк Дойл
ЗША, 92 хв.
Адзнака: 4

Падлетак Макс Мак-Грат вяртаецца разам з маці ў горад, дзе нарадзіўся і дзе загінуў бацька-навуковец. Макс яго не памятае зусім. Нечакана хлопец выяўляе, што яго цела можа генераваць магутную энергію.

Амаль адразу яго знаходзіць дзіўная істота, якая здольная даць рады такой энергіі, — тэхна-арганічны іншапланетнік Стыл. На жаль, ён не памятае, хто такі і адкуль з'явіўся, але можа трохі расказаць пра бацьку Макса, з якім сябраваў. Таксама Макс знаёміцца з былым калегам бацькі — Майлзам, які шмат гадоў назіраў за падлеткам.

Макс вучыцца кіраваць сваёй сілай і даведваецца пра ворагаў — ультралінкаў, якія хочуць напасці на Зямлю. Але галоўны вораг аказваецца зусім побач.

Фантастычны падлеткавы экшн заставаны на серыі цацак пра супергероя Макса Стыла ад кампаніі Mattel, якая і выступіла адным з прадзюсараў стужкі.

Цацкі створаныя па матывах серыі мультфільмаў, якія выходзілі у пачатку 2000-х. Трэба адзначыць, што падабраны на галоўную ролю акцёр з твару вельмі падобны да цацачнага персанажа:

Амерыканец Бен Уінчал (Макс Мак-Грат) злева.

Амерыканец Бен Уінчал (Макс Мак-Грат) злева.

22-гадовы амерыканскі акцёр Бен Уінчал да таго быў заняты ў TV-серыялах. Ён не адзначаецца асабліва багатай мімікай, не паказвае глыбокай драмы. Тут злёгку закранутая праблема ўваходу ў дарослае жыццё звычайнага падлетка, які, канешне ж, хоча быць адметным.

Зрэшты, гэтая драма разыграная так сабе, але ад супергеройскага фільма чакаеш хаця б нейкай арыгінальнай гісторыі. Сюжэт, у які і так няпроста паверыць, развальваецца проста на вачах, а спробы пажартаваць з адносінаў Макса і Стыла выглядаюць бездапаможнымі.

Другасным падаецца не толькі сам сюжэт, але і яго выкананне.

Некаторыя спецэфекты зробленыя на аматарскім ўзроўні, тое тычыцца і дызайну некаторых элементаў. Да прыкладу, іншапланетнік Стыл выглядае надта падобным да робата з гульні Portal 2 і нават прамаўляе падобным чынам.

Злева - іншапланетнік Стыл. Справа - модуль персанальнасці Уітлі з Portal 2, запраграмаваны як мужчына з заходнім англійскім акцэнтам.

Злева - іншапланетнік Стыл. Справа - модуль персанальнасці Уітлі з Portal 2, запраграмаваны як мужчына з заходнім англійскім акцэнтам.

Фільм прыцягнуў увагу амерыканскіх крытыкаў як адзін з найгоршых кінематаграфічных твораў.

Стужка выглядае як спроба павысіць навагодні продаж цацак Mattel, як гіганцкі рэкламны ролік пра супергероя. Нават для забаўляльнага кіно з нулявой праблематыкай гэта сумны выпадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?