У красавіку 2015 года была ўпершыню ўручаная прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры. Цяпер абвяшчаецца другі сезон гэтай прэміі.

Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», выдавецтва «Лімарыус».

Прэмія мае быць уручана ў 2017 годзе за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2015—2016 гадоў.

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction) наступных жанраў:

- Мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых)

- Біяграфіі

- Травелогі (падарожныя нататкі)

- Дакументальная проза

Трох пераможцаў конкурсу вызначыць кампетэнтнае журы ў складзе:

- Літаратуразнаўца, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч;

- старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сябра Управы ЗБС «Бацькаўшчына», галоўны рэдактар альманаха «Запісы БІНіМ», кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка;

- сябра Управы ЗБС «Бацькаўшчына», загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў;

- сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль;

- дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;

- пісьменнік, перакладчык, выдавец, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімір Сіўчыкаў;

- дырэктар выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко.

Прэмія будзе падзеленая паміж трыма пераможцамі, кожны з якіх атрымае таксама дыплом і памятны медаль.

Правам намінавання на прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў валодаюць як аўтары ці выдаўцы, так і члены журы конкурсу.

Пры вылучэнні кнігі на прэмію трэба да 31 студзеня 2017 г. перадаць у аргкамітэт папяровы і/ці электронны варыянт тэксту. Папяровыя выданні трэба прадстаўляць у Саюз беларускіх пісьменнікаў па адрасе: 220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31—906. Электронныя версіі выданняў можна дасылаць на адрас: [email protected]. Пры перадачы ці дасылцы кніг на прэмію трэба рабіць адмысловую пазнаку «Прэмія А. і М. Стагановічаў».

Тэлефон для даведак: 8 (017) 200-80-91.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0