У склад савета дырэктараў расійскай нафтавай кампаніі «РусНафта» увайшоў Андрэй Дзерах, старшыня савета дырэктараў беларускай інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр». Як вынікае з матэрыялаў нафтавай кампаніі, нароўні з Дзерахам у савет дырэктараў у якасці незалежнага дырэктара «РусНафты» увайшоў і былы прэм'ер-міністр Расіі, экс-кіраўнік Падліковай палаты Сяргей Сцяпашын.

Да заснавання інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр» ў 2002 годзе Дзерах займаў пасады эканамічнага саветніка Міндзяржмаёмасці па пытаннях інвестыцый у нафтавы сектар і сектар тэлекамунікацый (1992—1994), а таксама быў дырэктарам па інвестыцыях і карпаратыўных адносінах кампаніі «Слаўнафта» (1994—2002).

У 2003 годзе Дзерах прайшоў спецыялізаваную падрыхтоўку па пытаннях развіцця і кіравання ў нафтагазавым сектары для кіраўнікоў краін СНД па праграме SABIT у ЗША.

«На наш погляд, зніжэнне сусветных цэн на нафту адкрывае значныя перспектывы для беларускай хімічнай прамысловасці», — заявіў Дзерах ў верасні 2016 года ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН.

Ён адзначыў, што, за выключэннем беларускага «Гродна Азота», які для вытворчасці прадукцыі выкарыстоўвае газ, для іншых буйных прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці краіны асноўным з'яўляецца нафтавая сыравіна.

Дзерах лічыцца адным з паважаных у дзелавых колах экспертаў па пытаннях нафтахімічнай прамысловасці. Назіральнікі звязваюць яго ўваходжанне ў савет дырэктараў «Руснафты» у тым ліку з будучыняй IPO, якое чакаецца сёлета на Маскоўскай біржы.

Летам 2016 года саўладальнік «Руснафты» Міхаіл Гуцарыеў заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24», што кампанія плануе атрымаць у выніку IPO 400—500 млн долараў. У якасці патэнцыйных інвестараў, якія могуць купіць акцыі «Руснафты», Гуцарыеў назваў заходнія банкі, а таксама кампаніі з Казахстана, Азербайджана і Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?