Рэдактар прарасійскага сайта «Імхаклаб» Аляксей Дзермант, які стаў частым госцем на беларускім тэлебачанні, у сваім блогу патлумачыў кардынальную змену поглядаў. Нагадаем, раней ён быў беларускамоўным актывістам з філасофскім ухілам у балцкую ідэнтычнасць.

«Я назіраў за беларускім нацыяналізмам з боку, але некаторыя рэчы, якімі цікавіўся ў той час — этнаграфія, старажытная гісторыя, дахрысціянскія традыцыі — дазвалялі мець зносіны з носьбітамі гэтай ідэалогіі і нават знаходзіць нешта агульнае.

Затым паўстала цікавасць да ідэй еўрапейскіх «новых правых» — яны, дарэчы, вельмі адрозніваліся ад мясцовага нацыяналістычнага канону, «новыя правыя» Заходняй Еўропы даволі пазітыўна глядзелі на вопыт імперый, выступалі за кантынентальны саюз Еўропы і Расіі і ў цэлым не былі заражаныя паталагічнай русафобіяй, у адрозненне ад усходнееўрапейскіх нацыяналістаў. Гэта было незвычайна і свежа».

Тады Дзермант зразумеў, што ў балтыйскіх народаў і ў Беларусі розны гістарычны шлях, і адышоў ад ранейшых поглядаў:

«Вось тут і ўзнікае першы паварот у светапоглядзе — а ці трэба захапленне гісторыяй і традыцыямі трансляваць на сучаснасць, ды і якое да гэтага дачыненне мае Беларусь, нават калі б у яе быў тройчы балцкі субстрат? Ніякага. Беларусь і беларусы сфармаваліся зусім інакш. Банальна, але калі сам усё глыбока не спасцігнеш, не зразумець.

Другі паварот адбываецца тады, калі бачыш, да чаго прыводзяць ідэі і дзеянні тваіх нібыта аднадумцаў. Усюды, дзе нацыяналістычныя і ўльтраправыя сілы прыходзяць да ўлады, пачынаюцца войны і разруха. Украіна — самы блізкі і наглядны прыклад.

Трэці паварот звязаны з сям'ёй. Калі ў цябе з'яўляецца свая сям'я, ты пачынаеш думаць ужо пра іх, пра дзяцей, думаць на перспектыву. У якой краіне ты хацеў бы іх вырасціць, у якой краіне яны будуць жыць? Часцей ўспамінаеш сваіх бацькоў, дзядоў.

Да якой высновы прыйшоў новы Дзермант? «Беларусы звязаны прамой традыцыяй не са шляхтай, якая прапіла і прайграла ў карты сваю дзяржаву, а з сялянамі і рабочымі, якія атрымалі адукацыю і рэальную магчымасць годнага жыцця менавіта ад савецкай улады».

У выніку «асабістай эвалюцыі», як піша Дзермант, ён падтрымаў ідэі, заснаваныя «на пераемнасці і стварэнні, якія цягнуць чалавека ўверх, да развіцця, адкрываюць перад ім вялікі свет і новыя магчымасці».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?