Мінскі гарвыканкам устанавіў нормы расходаў на прыём і абслугоўванне замежных дэлегацый і асобных асоб. Рашэнне гарадскіх уладаў апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з дакументам аплата пражывання ў гасцінцы ў суткі на аднаго чалавека, уключаючы кошт сняданку, для кіраўніка дэлегацыі будзе рабіцца згодна з прадстаўленымі рахункамі, для члена дэлегацыі, перакладчыка і суправаджальных асоб — згодна з прадстаўленымі рахункамі, але не вышэй за кошт аднамеснага нумара.

Аплата харчавання ў суткі на аднаго чалавека, у тым ліку суправаджальных асоб, абыдзецца ў суму да 5 пяці базавых велічынь (1 базавая велічыня цяпер складае 21 рубель), набыццё сувеніраў і памятных падарункаў для кіраўніка дэлегацыі — да 20 базавых велічынь, для члена дэлегацыі — да 10 базавых велічынь і гэтак далей.

Ва ўпраўленні справамі Мінгарвыканкама, каментуючы БелаПАН прынятае рашэнне, адзначылі, што нормы расходаў на прыём і абслугоўванне замежных дэлегацый распрацаваны на падставе пастановы Савета міністраў № 676 ад 10 мая 2001 года.

«Мы ўзялі за аснову нормы Саўміна», — сказалі ва ўпраўленні.

Там адзначылі, што расходы на харчаванне, да прыкладу, залежаць ад таго, колькі разоў у дзень харчуюцца дэлегаты. «Калі яны харчуюцца цэлы дзень, то [на харчаванне пойдзе] пяць базавых, калі яны толькі абедаюць, то ў залежнасці ад гэтага, дапусцім, тры базавыя», — сказалі ў Мінгарвыканкаме.

Як правіла, удзельнікаў водзяць харчавацца ў рэстараны камунальнай уласнасці, да прыкладу размешчаныя ў гасцініцах «Вікторыя» ці «Беларусь». «Дзе пражываюць, там, як правіла, і харчуюцца», — падкрэслілі ва ўпраўленні справамі.

Пры гэтым Мінгарвыканкам не размяжоўвае замежныя дэлегацыі па якіх-небудзь крытэрыях: «Для нас усе аднолькавыя. У пастанове Саўміна няма падзелу — гэта дыпламат, бізнесмен і гэтак далей. Падыход да ўсіх аднолькавы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?