За шумнымі імпрэзамі фестывалю Башмета амаль незаўважанай засталася падзея ў музычным жыцці, якая паказвае, што ў нашай краіне ёсць музыканты сусветнага ўзроўню.

21 верасня адбыўся першы канцэрт цыклу «Усе фартэпіянныя санаты Сяргея Пракоф’ева», прымеркаваны да 125-годдзя геніяльнага кампазітара. Гэты вялікі творчы праект задумаў і выконвае вядомы беларускі піяніст Юрый Бліноў.

Аб унікальнасці праекта сведчыць той факт, што толькі двое з сучасных піяністаў свету — Яфім Бронфман і Фрэдэрык Чыу — увасобілі яго калісьці на канцэртнай сцэне.

Канцэрты першай часткі праекта ўжо адбыліся таксама ў Гомелі і Брэсце, надалей канцэрты плануюцца ў іншых гарадах Беларусі, а пасля — у Расіі, Украіне, Германіі, ЗША і Ізраіле.

10 лістапада а 19 гадзіне ў канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца другі канцэрт цыклу «Усе фартэпіянныя санаты Сяргея Пракоф’ева». У выкананні Юрыя Блінова прагучыць славутая ваенная Трыяда (санаты №6, 7, 8), а таксама саната №3 «Са старых сшыткаў».

На думку артыста, «прыйшоў час, калі ў творчасці Сяргея Пракоф’ева пачынае высвятляцца мастацкі пачатак, які заўсёды хаваўся за яго «сталёвым» піянізмам». Запрашаем аматараў класічнай музыкі атрымаць асалоду ад такой трактоўкі вядомых санат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?