Нацыянальны аэрапорт Мінск атрымаў статус хаба дзякуючы транзітным перавозкам паміж Расіяй і Украінай, заявіў 2 лістапада на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» Дзмітрый Мелікян.

Паводле яго слоў, статус хаба аэрапорт атрымаў дзякуючы актыўнай працы разам з авіякампаніяй «Белавія». «Таму што транзіт пасажыраў, якія лятаюць з Расійскай Федэрацыі ва Украіну і назад, павялічыўся да той лічбы, якая неабходна для таго, каб аэрапорт называўся хабам», — адзначыў Мелікян.

Так, па выніках 9 месяцаў больш за 33% пасажыраў, якія абслугоўваюцца Нацыянальным аэрапортам Мінск, з'яўляліся транзітнымі. «У далейшым дзякуючы пашырэнню геаграфіі палётаў «Белавія» і наяўнасці сучаснай транзітнай зоны дадзены патэнцыял можа быць павялічаны», — адзначыў гендырэктар нацыянальнага аэрапорта.

У прыватнасці, паводле яго слоў, да канца 2016 года аэрапорт разлічвае выйсці на паказчык у 3,5 млн пасажыраў у год. «Папярэдне разлічваем, што 9-10 лістапада ўпершыню ў гісторыі грамадзянскай авіяцыі Беларусі мы сустрэнем 3-мільённага пасажыра з пачатку года», — сказаў Мелікян.

Паводле яго слоў, работы па далейшай мадэрнізацыі аэрапорта і будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы працягваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі. «Але і на існуючай паласе мадэрнізавалі сігнальнае абсталяванне. Мы паднялі катэгорыю паласы, цяпер можна ў любых умовах надвор'я ажыццявіць пасадку», — дадаў гендырэктар.

Акрамя таго, у аэрапорце заменяць тэлескапічныя трапы, якія выкарыстоўваюцца ўжо 30 гадоў. «Вы ўбачыце, што гэта будуць зусім іншыя тэлескапічныя трапы. Сёлета плануецца замена двух, у наступным годзе давядзём іх лік да сямі», — сказаў Дзмітрый Мелікян.

Нацыянальны аэрапорт Мінск — першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Тут базіруюцца авіякампанія «Белавія» і грузавыя авіяперавозчыкі. Палёты выконваюцца больш як па 40 міжнародных кірунках — у Еўропу, на Блізкі Усход, у іншыя рэгіёны.

Аэрапорт быў уведзены ў эксплуатацыю больш за 30 гадоў таму і з'яўляецца асноўным паветраным портам краіны, праз які выконваецца да 97% пасажырскіх і грузавых авіяперавозак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?