На 100-я заняткі «Мовы Нанова» ў Мінску прыйшло больш за 350 чалавек. Фота Настассі Роўды.

На 100-я заняткі «Мовы Нанова» ў Мінску прыйшло больш за 350 чалавек. Фота Настассі Роўды.

Глеб меркаваў сабраць на лавы 700 рублёў, але ахвотных дапамагчы не словам, а справай, аказалася не так шмат. Невядома, ці атрымалася б назбіраць патрэбную суму, калі б усю яе не ахвяраваў армянскі бізнэсовец Ваган Керабян.

Тыдзень таму ён даў старт свайму праекту ў Беларусі — дастаўцы ежы па Мінску menu.by. Сайт запусцілі адразу ў трох версіях: беларускай, англійскай і рускай. Аператар, якая прымае замовы, таксама валодае беларускай мовай.

Са стварэннем беларускамоўнай версіі сайта і дадатку для смартфона бізнэсоўцу дапамагла «Хуткая моўная дапамога», якая працуе ў межах курсаў «Мова Нанова». Для ўсіх грамадска-значных праектаў яна цалкам бясплатная. Аднак калі Ваган Керабян дазнаўся пра тое, што курсам самім патрэбна дапамога, адразу пералічыў грошы.

«Я лічу, што любы сайт у Беларусі павінен мець беларускую версію, таму што гэта родная мова людзей, якія тут жывуць, — пракаментаваў сваё рашэнне бізнэсовец. — Зрабіць годную беларускамоўную версію нам дапамаглі курсы «Мова Нанова», і я вельмі задаволены, што яна ў нас працуе ад самага пачатку. Калі я даведаўся, што курсам патрэбная дапамога, вырашыў абавязкова дапамагчы, паколькі яны імкнуцца захаваць беларускую мову».

Глеб ужо набыў лавы на ахвяраваныя грошы, але пакуль што незразумела, ці будзе іх дастаткова.

«Акрамя Вагана Керабяна зрабілі ахвяраванні яшчэ дзевяць чалавек, таму мы назбіралі нават крыху больш, чым трэба, і набылі больш лаваў, чым планавалі, — кажа Лабадзенка. — Калі абвясцілі збор сродкаў, нашы суайчыннікі пачалі даваць парады. Адзін параіў купіць крэслы замест лаваў, другі — купіць дошак і зрабіць лавы. Трэці — пасадзіць дзяўчат хлопцам на калені, а чацвёрты — далей сядзець на падлозе, бо і так нармальна. А вось армянін мала таго што свой бізнэс адразу запусціў па-беларуску, яшчэ і курсы нашы падтрымаў. Дзякуй яму вялікі, што ён паступіў у гэтай сітуацыі найлепшым чынам — дапамог».

Лявон Вольскі выступае на занятках.

Лявон Вольскі выступае на занятках.

Назбіраўшы так нечакана ўсю патрэбную суму, Глеб стаў шукаць, дзе набыць лавы па самым выгадным кошце. І тут яго зноў чакаў прыемны бонус.

«Я знайшоў у адной фірме лавы па 39 рублёў. Патэлефанаваў туды, запытаўся пра іх, а чалавек, што зняў слухаўку, перайшоў на беларускую мову і сказаў: «Сапраўды, адна лава каштуе 39 рублёў, але вам за беларускую мову — 30 рублёў», — распавядае Глеб Лабадзенка.

— Сёння прыехаў на склад забіраць лавы і запытаўся, з кім размаўляў учора па тэлефоне. Аказалася, з дырэктарам. Я яму на радасцях падпісаў кніжку «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы». Вельмі прыемна ў нечаканых сітуацыях сустракаць людзей, якія прыязна настроеныя да беларускай мовы. Часта людзі памылкова кажуць: як са мной, так і я. Вось гаварыў бы я з ім па-руску, па 39 рублёў атрымаў бы лавы».

Курсы цяпер працуюць у 11 гарадах Беларусі, і апроч лаваў, ёсць патрэба ў лазерным прынтары, праектары, двух экранах, трох ноўтбуках, калонках ці комбіку для музыкаў, камп’ютарных калонках.

Калі вы можаце ахвяраваць гэтыя рэчы, лістуйце на [email protected] альбо тэлефануйце па нумары 8 (029) 112-93-74.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?