Іх пяцёра. Піліпу — 14 гадоў, Івоне — 10, Адэлі — 9, Алівіі — 7, Паўлінцы — 1,5. Іх маці Ганна, актрыса, жонка Паўла Харланчука-Южакова, акцёра Купалаўскага тэатра, на Дзень маці атрымае як мінімум пяць падарункаў. Дзеці засвойваюць школьную праграму дома, вучаць правілы, спяваючы іх, а Піліп і Івона, ведаючы, што прыёмныя, сябе такімі не адчуваюць. Пры гэтым Ганна не губляе сувязі з прафесіяй і выступае з усёй сям'ёй ва ўласным тэатры. Да таго ж, хоць яна руская і прыехала з Расіі, у сям'і гавораць толькі па-беларуску…

«Галоўнае — навучыць вучыцца»

— Для маладых мам часта час дэкрэта ператвараецца ў побытавае пекла…

— Гэта сапраўды цяжкая праца — быць маці. Але не заўжды. Бываюць моманты, калі я не ведаю, што рабіць, бяруся за галаву. А здараецца, што гляджу на дзяцей і думаю: «Як класна! Гэта маё. Іх ужо пяцёра. Такія дарослыя і ў той жа час маленькія». Напрыклад, Піліп можа псіхалагічна вырашыць пэўную сітуацыю з дзяўчаткамі, растлумачыць ім штосьці, а часам, глядзіш, яшчэ зусім дзіцё… Па-рознаму. Кажуць, што дэкрэтны менавіта «адпачынак». Насамрэч гэта праца не меншая, чым любая іншая. Але дэкрэт — гэта дакладна не пекла. Увогуле, зараз я адчуваю сябе больш самарэалізаванай, чым калі працавала ў тэатры, аддача большая і ў большай ступені магу праявіць свае здольнасці.

Дзеткі падрастаюць — і становіцца лягчэй. З імі ўжо можна размаўляць, як з адэкватнымі дарослымі людзьмі. Паўліна, самая маленькая, патрабуе больш увагі. Астатнія вельмі дапамагаюць.

У нас нават ёсць графік дзяжурства, і па чарзе ўсе прыбіраюцца дома, мыюць посуд. Па ўроках адзін вучыць другога. Хтосьці па музыцы лепш ведае і можа падказаць, хтосьці — па англійскай мове.

Як па мне, з двума маленькімі дзецьмі цяжэй, чым з чатырма дарослымі.

— Атрымліваецца такі хатні дзіцячы садок. А што наконт школы?

— Вучымся дыстанцыйна ў Піцерскай школе. Такое навучанне ў Беларусі не распаўсюджана, але ва Украіне і ў Расіі ім актыўна карыстаюцца. Спадзяёмся, што ў нас яно таксама з'явіцца, каб усё ж такі вучыцца цалкам па-беларуску. Атэстуемся ў Піцерскай школе толькі адзін раз на год. Праходзіш увесь прадмет і здаеш яго ў любы час — няхай сабе і ў сярэдзіне года. Атрымліваецца поўнае паглыбленне. Напрыклад, бяром курс геаметрыі, праходзім за тры месяцы, здаём, пасля — алгебра. Да гэтага правучыліся шэсць гадоў у беларускай школе, але па індывідуальным плане, кожную чвэрць прыязджалі і здавалі кантрольныя. А з гэтай сістэмай зручней атрымліваецца. Піліп, напрыклад, займаецца па трох прадметах на дзень. Такую вучобу зручна падладзіць пад уласны графік. З дзяўчаткамі перайшлі ўжо ў трэці клас. Праўда, па праграме мы не праходзім беларускую мову і літаратуру. Але робім гэта самастойна для сябе.

— У чым яшчэ «плюсы» такой сістэмы?

— Яна вучыць самадысцыпліне, і яе мэта — навучыць вучыцца. Выніковы тэст па прадмеце дасылаеш анлайн. А мы прывыклі, што ў школе нас пастаянна кантралююць, і менавіта гэта матывуе. А матывацыя павінна ісці знутры, ад таго, што гэта мне цікава даведацца пра новае, а не з-за адзнакі ці таму, што яна патрэбна маці і тату, і таму дастаткова зазубрыць матэрыял і… забыцца пра яго праз пяць хвілін. Я заўжды кажу, што і бацькі могуць запоўніць тэст за дзіця, але каму з нас патрэбны веды? Вам пасля паступаць у ВНУ, жыць. Акрамя заняткаў па школьнай праграме, амаль усе ходзяць у гурткі: на акрабатыку, танцы, у музычную школу, на англійскую мову.

У воль­ны час дзеці плятуць шыдэлкам. На ложку — ад­на з улас­на­руч­на зроб­ле­ных по­сці­лак.

У воль­ны час дзеці плятуць шыдэлкам. На ложку — ад­на з улас­на­руч­на зроб­ле­ных по­сці­лак.

— На якой мове вучацца дома?

— Піліп — па-руску, дзяўчаткі — па-беларуску (акрамя рускай мовы і літаратуры). Матэматыку, напрыклад, вучым на беларускай мове. Перакладаем толькі тыя тэрміны, якія моцна адрозніваюцца. У нас беларускамоўны асяродак сяброў, у якім мы часцей за ўсё размаўляем на мове.

— Дзеці заўжды гавораць па-беларуску?

— Не. Піліп з рускамоўнымі сябрамі пераключаецца на рускую. Сам кажа: «Не магу інакш». Але калі гутарка заходзіць пра беларускую мову, ганарыцца, што спакойна ёю валодае. Калі ты больш дарослы і свядома вырашаеш гаварыць па-беларуску, іншая справа. Хоць пакуль не стаў падлеткам, карыстаўся мовай больш, але ў такім узросце цяжка супрацьстаяць калектыву. Ён нядаўна падзяліўся назіраннем, што ўсе сябры ведаюць, што ён з беларускамоўнай сям'і, «але з нас ніхто не смяецца». Мы наогул рускія, прыехалі з Расіі. Бабулі, да якіх вельмі часта ездзім, размаўляюць па-руску. Мы гэткія білінгвы.

«Голас павышаю толькі па справе»

— Як бавіце вольны час?

— Яго вельмі мала. Хаця я прыхільніца таго, каб у дзяцей яго было больш.

Імкнуся мінімізаваць час, затрачаны на вучобу, даць матэрыял канцэнтравана. Напрыклад, у мяне песенькі з правілаў самі сабой прыдумляюцца. Бачу, што так лепей запамінаецца. Магчыма таму, што тады задзейнічаны абодва паўшар'і — левае і правае, творчае і інтэлектуальнае.

Ці табліцу множання вучым праз рухі — кідаем мяч, скачам, бегаем, тады інфармацыя больш шырока ахопліваецца: і візуальна, і на слых, і тактыльна, і гукава, мозг працуе лепей. Насамрэч, увесь школьны матэрыял можна праходзіць значна хутчэй, чым мы ўяўляем. Аліва, якая па ўзросце ў першым класе, разумее і тое, што яе сёстры праходзяць у трэцім. Каб дзецям было цікавей, падручнікі з правіламі яны малююць самі. Гэта і фантазію развівае, і творчы пачатак, і правіла засвойваецца хутчэй. Але ёсць і звычайныя сшыткі, у якіх мы робім практыкаванні па ўзоры.

— Вы ж актрыса, а не настаўніца…

— І не трэба ёй быць. Я не хачу нікога пакрыўдзіць ні ў якім разе. Але ў школьным класе 20—30 чалавек, да кожнага індывідуальна не падыдзеш. Каб навучанне было эфектыўным, трэба прыслухоўвацца да дзяцей. Гэта найлепшым чынам можа зрабіць маці. Бо яна ведае іх лепш за ўсіх. Калі дзіця палову дня ў школе, другую — на секцыях, і толькі ўвечары ўсе сустракаюцца дома, то абкрадаюцца ў цеплыні, увазе ўсе члены сям'і. А так мы амаль увесь час побач, лепей, больш глыбока пазнаём адно аднаго.

— Даводзіцца часам павышаць голас?

— У мяне ёсць правіла не крычаць на дзяцей, калі ты на эмоцыях. Мне і па характары гэта неўласціва. Але магу сварыцца і лічу, што часам гэта трэба рабіць. Ёсць межы, якія мы не пераходзім. Напрыклад, біцца і хаміць. Хаця ўсялякае здараецца… Галоўнае — папрасіць прабачэння, калі не меў рацыі, нават калі ты дарослы. Я лічу, што дзеці павінны бачыць, як бацькі просяць прабачэння. Так дзеці таксама вучацца гэта рабіць. А калі і сваруся, то за кепскае стаўленне чалавека да чалавека: непавагу ці наўмыснае пашкоджанне не сваіх рэчаў. Павел наогул не можа цярпець, калі мне даводзіцца паўтараць па тры разы.

Цяпер дзяў­чынкі пра­хо­дзяць таб­лі­цу мно­жан­ня. Па сло­вах Ган­ны, з да­па­мо­гай спе­цы­яль­най дош­кі з цві­ка­мі ды ліч­ба­мі яе вы­ву­чыць знач­на ляг­чэй.

Цяпер дзяў­чынкі пра­хо­дзяць таб­лі­цу мно­жан­ня. Па сло­вах Ган­ны, з да­па­мо­гай спе­цы­яль­най дош­кі з цві­ка­мі ды ліч­ба­мі яе вы­ву­чыць знач­на ляг­чэй.

— Часта бачыцеся ўсе разам?

— Не, на жаль. Павел пастаянна працуе. Зараз ён задзейнічаны ў пастаноўцы ў Гомелі, таму бачымся яшчэ радзей. Часам я не ведаю, што ён прыязджаў у Мінск, каб сыграць спектакль і з'ехаць. Ён нават губляецца ў днях і тыднях. Сёння мы селі ўсе разам паабедаць, і Аліва адразу шчасліва зазначыла: «Нарэшце мы ўсе разам!»

— А як жа мужчынскае выхаванне?

— Яно ёсць. Дзеці ведаюць дакладна, што тата — галоўны. Першае слова — за ім. І калі я штосьці кажу — значыць на гэтым стаіць пячатка Паўла. Няма такога, што мы разыходзімся з ім у поглядах. Гэта класічная хрысціянская сямейная іерархія — тата падпарадкоўваецца Богу, жонка — мужу, ёй па ўзроставым убыванні дзеці. Не ведаю, як было б інакш, бо мы вернікі і для нас гэта натуральна.

Тата ў нас кантралюе англійскую мову. У яго камп'ютары ёсць свой кабінет у сістэме «Duolіngo», дзе высвечваецца, як хто займаецца. Яны звычайна спаборнічаюць з Піліпам. Павел заўсёды ў курсе нашых спраў.

— Ведаю, што ў вас ёсць свой сямейны тэатр. У ім сапраўды ўсе хатнія задзейнічаны?

— Дакладней, гэта творчая майстэрня, якая называецца «Горад сяброў» і створана разам з нашай сяброўкай-мастачкай. Яе дзеці, як і нашы, удзельнічаюць у спектаклях. Калісьці мы пачыналі выступаць удваіх з Пашам. А зараз і дзеці бяруць удзел. Наш апошні спектакль — пра жабку. Усе ў нашай сям'і іграюць на інструментах, таму дзеці афармляюць спектакль музычна. А ў канцы ператвараюцца ў хор жабак і спяваюць. Выступаем 2—3 разы на месяц, часцей за ўсё па запрашэнні. Але мы маладыя зусім, толькі год існуем. Дарэчы, калі толькі пачыналі выступаць, Аліва ледзь не плакала па суботах, калі мы сыходзілі: «Мам, ты што, на працу?» Не маглі зразумець, куды я адлучаюся.

— Ці атрымліваецца ў вас пабыць адной?

— Пакуль не. Паўлюша яшчэ зусім маленькая, яе не пакінеш. Хаця можна… Але гэтым не злоўжываю. Сябры падарылі сертыфікат у фітнес-клуб. Усё ніяк не магу дабрацца. Але, спадзяюся, хутка падладзімся пад вучэбны графік і часу стане больш. Хаця вось мой найлепшы фітнес! (Бярэ Паўліну на рукі і цалуе ў шчаку).

— Што робіце, каб, нягледзячы на такую колькасць спраў, добра выглядаць?

Бываюць дні, калі я падобная да Бабы Ягі (смяецца). На гэта пытанне няма адказу. З раніцы памыцца, расчасацца. І ўвечары зрабіць тое ж. Ад мяне мала што залежыць. Што Бог даў, тое і маю.

Пі­ліп у сваім па­коі ро­біць прак­ты­ка­ван­ні.

Пі­ліп у сваім па­коі ро­біць прак­ты­ка­ван­ні.

«Каханне — гэта рашэнне быць разам да канца»

— У мінулым годзе па інтэрнэце хутка разляцеліся вашы словы, апублікаваныя ў фэйсбуку, пра тое, як часам прагматычна ставяцца да шматдзетнасці беларусы. Адкуль такія думкі, як лічыце?

— Прычына ў атэістычным выхаванні грамадства. Тое, што мы зараз маем, не знянацку ўсплыло. Гэта вынік жыцця ў сістэме савецкага бездухоўнага светапогляду, якая выхоўвала нашых бацькоў, а тыя — нас. У ёй чалавек становіцца не каштоўнасцю, а бескаштоўнасцю. І адсюль негатыўнае стаўленне да шматдзетных сем'яў. Калі

кажу, што цудоўна, калі дзетак — раз, два, тры, чатыры, пяць. А ў адказ: «Гэта ж такі цяжар!» Атрымліваецца, чалавек — цяжар, а не радасць, а маленькі чалавек — у сто разоў большы «камень». Гэта такі сучасны духоўны калапс.

Трэба вяртацца да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, да веры, да таго, што чалавек — гэта падарунак, які прыйшоў да мяне на пэўны час. Бог яго мне даверыў, Ён паверыў у мяне! Пасля дзіця стане асобай са сваімі пакліканнямі, талентамі, ідэямі, і, магчыма, зменіць гэты свет. І ты на пэўны час бярэш адказнасць яго выхаваць і падрыхтаваць да жыцця, каб пасля ён як мага лепш выканаў сваё прызначэнне.

— Пры гэтым выхаваць яго ў любові. Адкрыйце, калі ласка, сакрэт, як захаваць яе ў сям'і?

— Галоўнае — гэта ўзаемнае рашэнне ісці да канца і разуменне, што няма ходу назад. Любоў — гэта не адны пачуцці. Калі так, то гэта хутчэй закаханасць. Але эмоцыі праходзяць, і часам трэба грунтавацца на рашэнні.

Да таго ж, любоў — гэта дзеянне. Нават у Бібліі напісана, што любоў не зайздросціць, усё пакрывае, усё церпіць. Гэта дзеясловы, а значыць — дзеянні. Мы, пабраўшыся шлюбам, прымаем рашэнне рабіць штосьці разам і калі нам добра (тут усё вельмі проста), і калі нам кепска таксама. Тады прабачаем, падтрымліваем, дапамагаем.

У нашай сям'і былі і складаныя моманты, калі хацелася развярнуцца і пайсці. Сказаць: «Нам трэба разысціся. Мы розныя». З цягам часу мы зразумелі з Пашам, што сапраўды моцна адрозніваемся. І гэта так класна, так цікава! Паша кажа: «Навошта жаніцца з самім сабой?» І

калі вы разам, то пачынаеш мяняць не іншага чалавека, а самога сябе.

За тыя трынаццаць гадоў, што мы з Паўлам, гонару ўва мне стала значна менш (смяецца). І трэба ўмець мірыцца. А таксама для мяне крыніцай, у якой я шукаю сілы і любоў, з'яўляецца Бог. Ад мяне, вядома, залежыць штосьці, але ад Яго — у большай ступені.

Жыццё — гэта такі каштоўны дар… У мяне чатыры гады таму памерла сястра. І калі мне цяжка, адразу думаю: «Ты выбрала б гэту складаную сітуацыю ці…?» У сястры ўжо няма магчымасці зрабіць выбар. У мяне — ёсць. Няўжо гэта сапраўды так цяжка? Усё можна выправіць,

і так радасна, што ёсць магчымасць дзейнічаць і рабіць жыццё сваіх блізкіх лепшым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?