У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 3 лістапада пачалося слуханне крымінальнай справы былога дырэктара дэпартамента судзейства і інспектавання асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» (БФФ) Андрэя Жукава.

Старшынюе на працэсе суддзя Таццяна Рак. Абараняе Жукава адвакат Таццяна Сямешка. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае супрацоўнік пракуратуры Цэнтральнага раёна Максім Чупрыс.

Знаходзячыся на пасадзе дырэктара дэпартамента судзейства і інспектавання БФФ, Жукаў адначасова з'яўляўся старшынёй камісіі прызначэнняў федэрацыі. Гэта давала яму права зацвярджаць пратакол прызначэння суддзяў і інспектараў на футбольныя матчы.

Спартыўны функцыянер быў затрыманы 7 чэрвеня 2016 года. Згодна са звесткамі следства, дзейнічаючы з карыслівай зацікаўленасці, ён у перыяд з кастрычніка 2014 года па чэрвень 2016-га прымаў ад суддзяў грашовыя ўзнагароджанні за спрыяльнае вырашэнне пытання аб прызначэнні іх на матчы паміж футбольнымі клубамі першай і вышэйшай ліг чэмпіянату краіны, а таксама Кубка Беларусі па футболе.

Падчас папярэдняга расследавання ўстаноўленыя шэсць эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага. Сума хабару ў кожным асобным выпадку, паводле звестак следства, складала ад 100 да 200 долараў.

Былому дырэктару дэпартамента БФФ выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару, атрыманне хабару паўторна).

Суддзі, якія добраахвотна заявілі аб здзейсненым імі злачынстве, а менавіта аб даванні хабару службовай асобе, у адпаведнасці з заканадаўствам вызваленыя ад крымінальнай адказнасці. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?