Беларусь падтрымлівае ідэю інтэграцыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на 15-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС 3 лістапада ў Бішкеку, паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў, піша БелаПАН.

Паводле яго слоў, беларускія ўлады цалкам падзяляюць меркаванне Расіі аб «цеснай інтэграцыі ЕАЭС і ШАС», якая тычыцца эканамічнага ўзаемадзеяння гэтых двух структур.

Акрамя таго, прэм'ер-міністр сказаў, што Беларусь падтрымлівае жаданне і канкрэтныя планы Кітая далучыць краіны ЕАЭС да ініцыятывы развіцця «эканамічнага пояса Шаўковага шляху», а таксама ў частцы супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, транспарту, камунікацый, інфармацыйных тэхналогій, інавацыйнага і фінансавага супрацоўніцтва.

Кабякоў адзначыў, што Беларусь таксама зацікаўлена і далей пашыраць усебаковае партнёрства з краінамі ШАС, у тым ліку развіваючы вытворчую кааперацыю з дзяржавамі — ўдзельніцамі гэтай арганізацыі. «Мы зацікаўлены ў максімальным пашырэнні вытворчай кааперацыі, у тым ліку з улікам наяўнага ў нас вопыту стварэння сумесных прадпрыемстваў на розных кантынентах. Мы бачым добрыя магчымасці для кансалідацыі намаганняў па выпуску найноўшых узораў канкурэнтаздольнай машынабудаўнічай прадукцыі, забеспячэння належнага сэрвіснага і пасляпродажнага абслугоўвання», — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Беларусь, паводле слоў прэм'ер-міністра, гатова цесна кантактаваць з краінамі ШАС у галіне навукі, адукацыі, турызму, гуманітарнага супрацоўніцтва, маладзёжных праектаў, каардынацыі працы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Адным з кірункаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва Кабякоў назваў аграпрамысловы комплекс і спадарожнае гэтаму развіццё лагістычнай і транспартнай сфер. Акрамя гэтага, выключна важным ён лічыць развіццё супрацоўніцтва ў галіне фінансавых і банкаўскіх паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0