Група выдатных беларускіх навукоўцаў пераехала ў Варшаву. Паехала не на сваё жаданне, гэта адбылося пасля брыдкай чысткі Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У выніку гэтых падзей у Варшаўскім універсітэце паўстала свайго роду філія Гродзенскага — Цэнтр беларускіх даследаванняў з шырокімі дыдактычнымі і даследчымі мэтамі. Цяпер вось гэтая група навукоўцаў выдала «Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў».

«Гадавік» плануе выходзіць на трох мовах — па-польску, па-англійску і па-беларуску.

У артыкулах гадавіка можна вылучыць некаторыя агульныя тэндэнцыі. Перш за ўсё, зборнік развівае «нацыянальную канцэпцыю беларускай гісторыі». Нават сам выбар тэмаў зборніка адлюстроўвае парадак дня гэтай канцэпцыі: беларуская дзяржаўнасць (ці гэта Полацкае княства, ці Рада БНР), краёўцы (як злучво паміж ліцвінамі і сучаснымі беларусамі), пытанне беларускай ідэнтычнасці (яго ў зборніку цікава аналізуе Таццяна Касатая — на прыкладзе беларускіх евангелістаў), праблемы ўласна нацыянальнай гістарыяграфіі.

Асаблівае значэнне набываюць тэксты, якія парушаюць гэтую рамку. Іна Соркіна піша пра «штэтл» — прастору беларускай культуры, Ігар Кузьмініч — пра «клінікі права» ў сучасных беларускіх універсітэтах. На гэтых тэкстах варта спыніцца асобна.

Артыкул Іны Соркінай пра штэтл — «своеасаблівую прастору габрэяў» у беларускіх гарадах і мястэчках ­— адлюстроўвае вялікую даследчую традыцыю гэтай тэмы. Аўтарка шмат цытуе працы на англійскай, рускай, польскай мовах, прысвечаных адказу на пытанне «What exactly was a Shtetl?» Калі зусім коратка, штэтл — гэта габрэйская прастора мястэчка. Традыцыйна лічыцца, што штэтл загінуў у агні Другой сусветнай вайны, але сёння гэтая думка ставіцца пад сумненне. Штэтл усё часцей разглядаюць не толькі як рэальную сацыяльную і культурную прастору, але і як гістарычную памяць. Таму асаблівую ролю ў артыкуле набываюць успаміны Васіля Стомы ці Сяргея Грахоўскага.

Асаблівую ўвагу Іна Соркіна надае міжкультурнаму дыялогу, які быў сталай адзнакай жыцця штэтла. Напрыклад, яна паказвае, што габрэі з мястэчак бралі актыўны ўдзел у пашырэнні «Нашай Нівы» ў 1900-х і 1910-х гадах (с. 149—150).

Даследчыца звяртаецца таксама да такога балючага пытання, як антысемітызм. Еўрапейскі вопыт інтэлектуальнага асэнсавання гэтай катастрофы надаў ёй адмысловае значэнне. Соркіна тут звяртаецца да ранейшых беларускіх абмеркаванняў гэтай праблемы і паказвае: Барадулін пачынае супраць Марзалюка — і прайграе (с. 151). Ці сапраўды не было антысемітызму ў Беларусі, як пісаў народны пісьменнік у «габрэйскім нумары» часопіса «ARCHE Пачатак». Не, быў, хаця і мяккі — завочна пярэчыць яму магілёўскі археолаг. Гэта прывяло да параўнальна невялікай колькасці пагромаў у Беларусі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. (напрыклад, проці Украіны). Трэба заўважыць, што гэтым пытаннем — «the missing pogroms of Belorussia» — займаліся многія даследчыкі, пераважна за мяжой (с. 156).

Цікавую адукацыйную практыку — дзейнасць «клінік права» у Беларусі — разглядае Ігар Кузьмініч. Гэта форма юрыдычнай адукацыі, з аднаго боку, і форма юрыдычнай дапамогі грамадзянам, з другога — напрыклад, праз кансультацыі. Але ў Беларусі, лічыць даследчык, клінікі права знаходзяцца ў стане стагнацыі і не адыграваюць ніякае ролі ані ў навучанні, ані ў сацыяльнай сферы (с. 274). На жаль, даць адказ на пытанне, чаму так склалася, ён не спрабуе. Затое Кузьмініч прапануе сваё бачанне выхаду з гэтай сітуацыі.

Неардынарна пабудаваны артыкул Андрэя Чарнякевіча. У цэнтры ўвагі даследчыка знаходзіцца Найвышэйшая рада БНР, якая дзейнічала ў 1919 і 1920 гадах. У беларускай гістарыяграфіі яна традыцыйна лічыцца паланафільскай. Чарнякевіч аспрэчвае ейнае паланафільства — гэта галоўны пасыл тэксту. З відавочных хібаў варта адзначыць адсутнасць у спасылках бліскучай манаграфіі Юрыя Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі». Іваноўскі адыграў выключную ролю ў гісторыі рады, нават фактычна ўзначальваў яе нейкі час у 1920 годзе (фармальны старшыня — Серада, адзін з лідараў БНР у 1918 годзе). Туронак дае адказ, чаму Іваноўскі ў пачатку 1920 года пачаў выконваць фактычную ролю прадстаўніка Беларусі на міжнароднай арэне, у прыватнасці, у перамовах з Польшчай.

Дакументы, апублікаваныя ў дадатку да артыкула Чарнякевіча, шырэй адлюстроўваюць такі цікавы бок дзейнасці Найвышэйшай рады, як фінансы. Пасля падпісання польска-беларускай дамовы 24 сакавіка 1920 года (афіцыйная назва — «Прапановы супольнай канферэнцыі прадстаўнікоў Беларусі і прадстаўнікоў польскага ўрада», падпісаныя з беларускага боку Іваноўскім і Смолічам) рада атрымала фінансавыя датацыі, што прывяло да істотнага росту яе ўплыву — праз стварэнне апарату і новыя магчымасці працаўладкавання для беларускіх дзеячаў у Менску. Пра гэта пісала і польская выведка: «Абапіраючыся на платны арганізацыйны апарат, з кожным днём пашыраюцца сферы інтарэсаў і працы» (с. 171). Дакументы пераважна тычацца працэдур размеркавання фінансаў, у тым ліку такія цікавыя эпізоды, як зацвярджэнне нормы сутачных для камандзіровак беларускіх палітыткаў (9.05.1920, памер — 200 польскіх марак, с. 186).

* * *

З дзіўнага варта адзначыць наступнае: прафесар Вардамацкі паслядоўна піша Lukashenko, хаця нават праверка арфаграфіі для англійскай мовы ў Microsoft Word пазначае гэта як памылку, прапануючы выправіць на Lukashenka. У зборніку наогул там-сям спатыкаеш моўныя шурптасці: то ўмяшальніцтва (але гэта скрозь у цяперашняй беларускай мове), упадак, Пріцак (с. 23) і інш.

* * *

Гэты зборнік можна ацаніць як па-свойму выдатны ўзор «нацыянальнай канцэпцыі» 1990-х гадоў. Побач з пэўнымі ейнымі перавагамі ён адлюстроўвае і яе слабасці — ссунутая тэмпаральнасць (калі да замежных дыскусій прыбягаюць, то з істотным спазненнем, у выніку працы 15—20 гадовай даўніны атэстуюцца як «нядаўнія даследаванні»), наогул малое веданне сучасных навуковых дыскусій, часам адвольнасць аргументацыі.

Разам з тым адбываюцца важныя спробы выйсці за межы беларускай, польскай і расйскай інтэлектуальных прастораў і ўключыць прадмет уласнага даследавання ў большы шырокі кантэкст (асабліва гэта тычыцца тэкстаў Іны Соркінай і Ігара Кузьмініча). Гэта дазваляе іначай вызначыць патэнцыял «варшаўскага выгнання» беларускіх аўтараў. Наўрад ці нешматлікая група гуманітарыяў са свайго варшаўскага выгнання зможа паўплываць на млявае акадэмічнае асяроддзе ў Беларусі. Але можна паспадзявацца, што побыт у Варшаве дазволіць беларускім вучоным інтэнсіўней уключыцца ў міжнародны навуковы дыялог, пераадольваць абмежаванні нацыянальных рамак, што прывядзе да росту прафесіянальнага ўзроўню беларускай культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?