Вызваленьне.

Фота Юліі Дарашкевіч

Суд Першамайскага раёну прысудзіў Артуру Фінькевічу 2 гады «хіміі». Судзьдзя Вікторыя Зайцава расцаніла нанясеньне графіці «Мы хочам новага» як злоснае хуліганства (ч.2 арт. 339 КК). У той жа час з хлопца зьнялі абвінавачваньне ў пашкоджаньні маёмасьці (ч.3 арт. 218), паводле якога яму пагражала ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.

З 31 студзеня А.Фінькевіч знаходзіўся ў СІЗА, дзе адзін дзень яму залічваўся за два. За час зьняволеньня ў сьледчым ізалятары хлопец ня меў парушэньняў, таму можа разьлічваць на жнівеньскую амністыю. У такім разе на «хіміі» ён прабудзе каля 5 месяцаў. Да моманту, пакуль Дэпартамэнт па выкананьні прысудаў вызначыцца зь месцам адбываньня пакараньня, Артур будзе знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд.

Па агучваньні прысуду маладога палітвязьня сустракалі сябры і родныя, якія празь перапоўненасьць залі не патрапілі ў суд. Спаткаць яго прыйшлі і вызваленыя ўчора моладзевыя актывісты, што адсядзелі па 5 сутак за акцыю салідарнасьці з Артурам, а таксама Зьміцер Касьпяровіч. Артур, як заўважылі яго сябры, заўважна схуднеў. На пытаньні журналістаў адказваў паволі, казаў, што пасьля камэры, дзе самым цяжкім была адсутнасьць паветра, яму точыцца галава. У руках хлопец трымаў зімовую куртку.

З прысудам Артур не пагадзіўся, але і абскарджваць яго не зьбіраецца, ня бачачы ў гэтым мэтазгоднасьці. Прычынай такога «мяккага» прысуду, улічваючы пагрозу зьняволеньня да 12 гадоў, лічыць нежаданьнем уладаў ганьбіцца зьняволеньнем 21-гадовага юнака. І дадае: «Я рыхтаваўся да таго, што атрымаю сама меней 5 год, аднак улады відавочна баяцца, бо адчуваюць незваротнасьць пераменаў у краіне».

«Галоўнае для мяне цяпер – пасьпець пабачыцца з усімі сваімі, падзякаваць усім, хто мяне падтрымліваў цягам зьняволеньня», – дзеліцца Артур плянамі на бліжэйшую будучыню. Нягледзячы на тое, што лісты ў СІЗА даходзілі зь вялікімі спазьненьнямі, празь некалькі тыдняў, ён у курсе ўсіх гарачых навінаў. Пра тое, што атрымалася, ён не шкадуе.

Сямён Печанко

Флэшмоб перад Першамайскім судом падчас разгляду справы Фінькевіча.

Фота Андрэя Лянкевіча

А. Фінькевіч сядае ў аўтазак пасьля першага дня суду.

Фота Юліі Дарашкевіч

Суды над Фінькевічам і Сасімам

Артура Фінькевіча арыштавалі 31 студзеня за нанясеньне палітычных графіці. Але вінавацілі яго не ў палітыцы, а ў нанясеньні шкоды грамадзкай маёмасьці на амаль 17 тыс. даляраў – «у асабліва буйным памеры». Хлопцу пагражала ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня. Дзяцюк трымаўся мужна. Ён прызнаў, што наносіў надпісы «Достал» і «Мы хочам новага» ў раёне вуліцаў Казлова й Платонава ў Менску, але патлумачыў гэта жаданьнем выказаць сваю палітычную пазыцыю – што ён ня мог зрабіць іншымі спосабамі з прычыны манапалізацыі СМІ і парушэньня іншых канстытуцыйных свабодаў у краіне.

Праваабаронцы называлі абсурднымі абвінавачваньні ў нанясеньні шкоды ў «асабліва буйным памеры» празь дзясятак графіці.

Суд пачаўся 4 траўня, але быў адкладзены, бо судзьдзя запатрабавала ад прадстаўнікоў камунальных службаў доказаў таго, што шкода ад графіці сапраўды настолькі вялікая. Пазоўнікаў з аддзелу ідэалёгіі, якія прыйшлі, каб «выказаць меркаваньні» адносна паводзінаў Фінькевіча, яна абсекла: «Вашыя меркаваньні могуць каштаваць яму ад 7 да 12 гадоў турмы. Нясіце каштарысы».

Падчас акцыі ў абарону Фінькевіча 4 траўня былі затрыманыя Крысьціна Шацікава (50 б.в. штрафу), Аляксей Казулін, Юры Талстой, Аляксандар Рэзьнікаў, Андрэй Ігнатчык, Надзея Батура (усіх пакаралі арыштам на 5 сутак). Затрыманых журналістак Тацяну Сьнітко і Натальлю Валакіду вызвалілі пасьля прагляду апэратыўных здымак.

Суд над Мікітам Сасімам у Баранавічах, распачаты ў той самы дзень, быў перанесены на 11 траўня. Уначы перад судом у Баранавічах затрымалі абаронцаў намётавага мястэчка Любоў Качынскую, Кацярыну Дзяткоўскую і Настасьсю Коршун падчас расклейкі налепак «Свабоду Сасіму»: усім далі штрафы па 2 б.в.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0