04.11.2016 / 14:54

Трэці транш еўразійскага крэдыту Беларусь разлічвае атрымаць у снежні 1

Міністэрства фінансаў Беларусі спадзяецца, што чарговы транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця паступіць у краіну да канца года, паведаміў журналістам 4 лістапада першы намеснік міністра Максім Ермаловіч, піша БелаПАН.

«Існуе імавернасць, што чарговы транш еўразійскага крэдыту паступіць у снежні. Праблем з прыцягненнем траншаў еўразійскага крэдыту асабіста я не бачу», — сказаў ён.

Закранаючы тэму прыцягнення новых запазычанняў на міжнародным рынку капіталу, Ермаловіч канстатаваў, што планы па размяшчэнні еўрааблігацый захоўваюцца. «Міністэрства фінансаў займалася і займаецца падрыхтоўчай працай па размяшчэнні еўрааблігацый. Сітуацыя на рынку досыць прыязная. Пры гэтым складана спрагназаваць тэрміны, калі адбудзецца размяшчэнне новага выпуску еўрабондаў», — дадаў прадстаўнік Мінфіна.

Ён таксама не выключыў прыцягнення пазыковых рэсурсаў на ўнутраным рынку. «Будзем глядзець па сітуацыі на ўнутраным рынку — новыя пазыкі на ўнутраным рынку магчымыя, але гэта будуць невялікія прыцягненні», — адзначыў Максім Ермаловіч.

Урад прыцягвае новыя пазыкі для рэфінансавання запазычанасці па старых даўгах.

Раней меркавалася, што новы транш еўразійскага крэдыту Беларусь атрымае да канца кастрычніка. «Чарговы транш еўразійскага крэдыту на 300 млн выдзяляецца з улікам выканання кантрольных паказчыкаў заключанай праграмы з ЕФСР на 1 верасня, — заяўляў 3 кастрычніка міністр фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын. — Мы прадставілі Еўразійскаму фонду справаздачу аб выкананні паказчыкаў крэдытнай праграмы, цяпер гэта пытанне актыўна абмяркоўваецца. Да канца кастрычніка мы пастараемся, каб савет фонду рашэнне аб выдзяленні чарговага траншу крэдыту прыняў».

Праграма аб прыцягненні крэдыту на 2 млрд долараў была падпісана Беларуссю і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця ў сакавіку гэтага года. Для атрымання сямі траншаў крэдыту беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі. На гэты момант Беларусь атрымала два траншы крэдыту: 500 млн долараў — у сакавіку і 300 млн долараў — у ліпені.

0
Да здравствует харызма! / Адказаць
04.11.2016 / 15:08
Ну во, а то рэформы нейкія.. Калі ўбалтаюць, то і мвф падкіне.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру