Большасць кінафільмаў, якія здымаюцца сёння, — гэта смецце, лічыць рэжысёр-дакументаліст, член журы конкурсу нацыянальных кінашкол міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» Галіна Адамовіч.

Меркаванне пра тое, што цяпер у кіно, асабліва дакументальнае, прыходзіць вельмі шмат непрафесіяналаў, яна выказала 4 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю 23-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Паводле слоў рэжысёра, гэта адбываецца таму, што здымка кіно стала даступнай. Фільмы цяпер можна здымаць нават на тэлефон.

«У гэтым годзе я адпрацавала ў трох журы, і, на жаль, у дакументальным кіно было 90% непрафесійных фільмаў, — адзначыла Адамовіч. — Вельмі цяжка адгледжваць непрафесійныя, невыразныя фільмы, калі чалавек сам не разумее, якую гісторыю ён распавядае, пра што ён робіць кіно. Зразумела, што кіно прыцягвае велізарную колькасць маладых людзей, — гэта прэстыжна, гэта добра быць рэжысёрам, але гэта колькасць смецця мяне прыгнятае».

Між тым дэмакратызацыя тэхнічнага працэсу, якая дае аўтару новыя магчымасці для стварэння фільмаў, натхняе пісьменніка, мастака і архітэктара, члена журы нацыянальнага конкурсу Артура Клінава.

Ён пагадзіўся з тым, што 90% кінафільмаў, якія здымаюцца, — гэта смецце, і адзначыў, што тое ж самае некалькі гадоў таму адбывалася ў фатаграфіі, калі на змену люстраным камерам прыйшла лічба, а потым і тэлефон. Тады, паводле яго слоў, з'явіліся тысячы маладых фатографаў, якія прынеслі з сабой кучу смецця.

«Але я думаю, што лепш мець актыўны жывы працэс, няхай нават і паўпрафесійны, чым застой і стагнацыю, — адзначыў Клінаў. — Дэмакратызацыя тэхнічнага працэсу здымкі дае вялікі шанец беларускаму кіно. Тут якраз выйсце для краін, уключаючы нас, дзе няма вялікай кінаіндустрыі, гіганцкіх фабрык па вытворчасці кінапрадукцыі».

На думку Клінава, неабходна знайсці свой шлях, сваё аблічча і свой кінапрацэс. «А для гэтага трэба стварыць неабходную інфраструктуру — конкурсы, фестывалі альтэрнатыўнага, незалежнага кіно, патрэбен механізм, які б аддзяляў смецце. Гэта нас шанец, які натхняе», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?