Улады Нью-Ёрка атрымалі папярэджанне пра пагрозу тэрарыстычнай атакі ў дні перад выбарамі прэзідэнта ЗША, якія адбудуцца 8 лістапада, піша ВВС.
У партовым упраўленні Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі, якое кантралюе значную частку інфраструктуры рэгіёну, пацвердзілі, што федэральныя ўлады паведамілі ім пра павышаную тэрарыстычную пагрозу, праз што ў партах ужо павялічылі колькасць патрулёў.
Паліцыя Нью-Ёрка таксама атрымала папярэджанне і распрацоўвае дадатковыя меры бяспекі ў горадзе.
Раней амерыканскі тэлеканал Сі-бі-эс са спасылкай на крыніцы паведаміў, што розныя выведвальныя органы ЗША выпусцілі сумеснае папярэджанне аб тым, што экстрэмісцкая арганізацыя «Аль-Каіда» рыхтуе тэракты ў Нью-Ёрку, Тэхасе і Вірджыніі. Інфармацыю аб папярэджанні пацвердзіла і крыніца Рэйтэр.
Губернатар Тэхаса Грэг Эбат заявіў, што ўлады Тэхаса ў бліжэйшыя дні будуць сачыць за любой падазронай актыўнасцю.
58-е выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 8 лістапада гэтага года.