За адзін дзень на дарогах Гродзенскай вобласці збілі трох пешаходаў: адзін чалавек загінуў і яшчэ два сур'ёзна пацярпелі. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС аблвыканкама.

У Смаргонскім раёне шукаюць кіроўцу, які ўцёк з месца ДТЗ. Невядомы аўтамабіль, як мяркуецца, грузавы, 4 лістапада ў пачатку восьмай вечара на 1-м км дарогі Смаргонь — Дзевятні — Жодзішкі збіў насмерць пенсіянерку. Жанчына ішла па абочыне дарогі, на яе сумцы быў святлоадбівальны элемент.

«Просьба ўсіх, хто валодае любой інфармацыяй пра абставіны гэтага наезду, кіроўцу, які здзейсніў яго, альбо машыну, якой ён кіраваў, патэлефанаваць у Дзяржаўтаінспекцыю па тэлефоне ў Гродне 8 (0152) 79-75-05 або 102», — адзначылі ў ДАІ рэгіёну.

Яшчэ два пешаходы пацярпелі пасля наездаў аўтамабіляў у Слоніме. Каля крамы па вуліцы Зорнай кіроўца, рухаючыся заднім ходам, не заўважыў пенсіянерку. Жанчыну з пераломам сцягна шпіталізавалі. У ДАІ адзначылі, што вінаваты ў аварыі 70 разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнні правілаў.

Каля рынку на вуліцы Таполевай пад коламі аўтамабіля апынулася яшчэ адна жанчына. Яна ішла па пешаходным пераходзе, абсталяваным штучнымі няроўнасцямі, аднак наезду не ўдалося пазбегнуць. З пераломам нагі і ўдарам пляча яна была шпіталізаваная.

У наступныя двое сутак прагназуецца пагаршэнне ўмоў надвор'я. Чакаюцца працяглыя ападкі, месцамі моцныя, узмацненне ветру, на дарогах галалёдзіца, перапады тэмпературы. У ДАІ заклікаюць кіроўцаў быць вельмі асцярожнымі, выбіраць хуткасці з улікам стану дарогі і бачнасці, адмовіцца ад рэзкіх манеўраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?