Арнэла Муці таксама неўзабаве атрымае расійскае грамадзянства. Новенькая. Дэпард'ё, Сігал, баксёр быў яшчэ нейкі. Ну шмат іх ужо там.

Вы думаеце, пра іх, напэўна, рознае, кепскае. І дарма. Яны шукаюць казку.

Вось глядзіце. Ты працаваў, працаваў, зарабіў — шмат зарабіў, пасля патраціў — шмат патраціў, зноў зарабіў і яшчэ, і яшчэ, і на свае грошы ты можаш тое і гэтае, туды і сюды… Гэта крута, канечне. Але гэта не казка, гэта нейкае ўраўненне арыфметычнае. Проза. А вось калі ты працаваў, зарабляў, мог тое і гэтае, але паралельна з тым, як ты працаваў і зарабляў, табе ў якасці бонуса за факт твайго існавання кАпала любоў нейкага караля эльфаў, пра якога ты нават не здагадваўся — гэта ўжо пачатак казкі. Ты ж не разлічваў на любоў эльфа. Ты зарабляў галду, каб яе траціць. У цябе дом, машына, агенты, рэклама. Здымкі. Простая і зразумелая механіка. Бізнэс. А тут высвятляецца, што цябе любіць кароль эльфаў! Цэлы кароль казачнай краіны аднарогаў, гномаў і дэндроідаў! І ў тваім сэрцы нараджаецца нейкае трымценне, бо цябе чакае прыгода. На свае бабкі тут, у свеце юрыстаў і бухгалтараў, нельга купіць вясёлку, фею ці, напрыклад, селяніна. А там? Пра іх жа нічога невядома. Але раз яны эльфы і ў іх ёсць кароль, значыць павінна быць месца для цуду. Значыць, цябе чакаюць прыгоды, таямніцы і радасці.

Кароль эльфаў, канечне, зможа выкананаць усе твае жаданні, і наогул, ці шмат хто можа пахваліцца сяброўствам з каралём эльфаў? Ніякіх агентаў, бухгалтароў, законаў, мянтоў, якія не даюць табе дубасіць жонку, бухаць і вадзіць машыну адначасова…

Папросіш караля падарыць табе вёску і цмока. Чпок!

Я сабе уяўляю, як Сігал заплюшчвае вочы і бачыць: яны з каралём эльфаў у вялікім палацы на краі скалы пад бясконцым купалам каля агромністага стрэльчатага акна глядзяць, як між горных схілаў лунаюць грыфоны, і ружовы туман пылку тысячагадовых элеанскіх удаў зіхціць над возерам Шэсціпалага Эанора Падгорнага. І тут кароль падае Сігалу келіх Эўрэтрыйскага флаўдавага віна, крыху церпкага, дзівоснага бэзавага колеру і кажа:

— Я чуў, ты не прыжыўся пры двары Сандра Пяцівалосага?

— Ён мілы стары… Але я хацеў цмока.

Эльфійскі кароль ускідвае брыво.

— Сандр прадаў свайго апошняга цмока?

— Не ведаю. Мне падаеца, яго не цікавяць цмокі. Мы цэлы дзень абдзіралі чароўныя бабы і вечарам ён накарміў мяне бабамі. Наогул, мне падаецца, ён збіраўся пазычыць у мяне грошай.

— Сандр ні ў кога не пазычае сам. Для гэтага ў Сандра ёсць палата плакальшчыкаў. Калі Сандр гаворыць з табой пра грошы — ён не думае пра грошы. Ён хоча, каб ты думаў пра грошы. Акрамя таго, ніхто наогул не ведае, пра што думае Сандр. Некаторыя лічаць, што кожная думка пазбаўляе яго воласа. Таму цяпер пяцівалосы не думае ні аб чым. Ён толькі гаворыць і збірае бабы.

Сігал залівіста рагоча, і кароль эльфаў штурхае яго пальцам у грудзі.

— А пакажы мне, мой сябра, як ты ў «смяротным удары» таму чуваку з калена зафігачыў…

Сігал апускае вочы долу:

— Я не магу падняць руку на майго караля.

— Ды ну ладна. Канечне, не можаш. Эй! Урыс, Арыс! Хадзіце сюды!

Да іх падбягаюць два эльфы з беласнежнай скурай і блакітнымі вадзяністымі вачамі.

— На калені!

Кароль глядзіць на Сігала з вясёлай усмешкай.

— Нармальна ці ніжэй?

— Можна крыху…

— Ды ладна табе! У фільме так і было!

І Сігал паказвае вяртуху, і пасля — каленам, як і хацеў кароль. І Урыс б'ецца башкой у Арыса, і кароль зноў залівіста смяецца. І грыфоны і туман эліянскіх удаў і эўрэтрыйскае віно…

— Я дару табе аднарога! — чуе Сігал рэха ў ружовым флёры паміж стрэльчатых вокнаў пад бяздонным купалам…

…Я дару табе срэбраны руднік ля бурштынавай ракі… Я дару табе замак ля гары Пяці Няскораных!…

…Я дару табе… я дару… я даю…

І Сігал усміхаецца і сляза скатваецца па маршчыністай шчацэ і толькі дзіўную трывогу навівае магільнае ледзь чутнае выццё аднекуль знізу. Выццё дзіўнае з далёкім фатонскім грасіруючым акцэнтам.

— …не верррр… не верр… гэта будзе куатэрра ў Марррдроўіі, Марррдоуіі… пррроста кварэррра ва Марррдоўіі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?