Казахстанскі бізнэсмэн, экс-уладальнік завода «Шымкентпіва» Тахтар Туляшоў, які абвінавачваецца ў падрыхтоўцы дзяржперавароту ў краіне, прысуджаны да 21 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адбываць пакаранне бізнэсмэн будзе ў калоніі строгага рэжыму, паведамляе ТАСС.
Прысуд Туляшову вынес спецыялізаваны міжраённы вайсковы суд па крымінальных справах.
Суд таксама пажыццёва забараніў Туляшову займаць кіруючыя пасады ў камерцыйных і грамадскіх арганізацыях і пазбавіў яго воінскага звання палкоўнік.
Акрамя таго, суд звярнуўся да прэзідэнта Казахстана з просьбай пазбавіць бізнэсмэна ордэна «Курмет».
Туляшоў быў узяты пад варту ў студзені 2016 года. У ліпені праваахоўныя органы Казахстана абвясцілі, што ён рыхтаваў спробу дзяржаўнага перавароту ў краіне. У паведамленні Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана гаварылася, што Туляшоў да арышту займаўся падрыхтоўкай да гвалтоўнай змены ўлады ў краіне, а затым кіраваў сваімі паплечнікамі з СІЗА.
Паводле версіі ўладаў Казахстана, акцыі пратэсту супраць зямельнай рэформы, якія прайшлі вясной 2016 года ў краіне, былі спланаваныя і прафінансаваныя Туляшовым.
У ліпені, гаварылася ў паведамленні Камітэта нацыянальнай бяспекі, былі ўзятыя прыхільнікі Туляшова, у тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі і вайскоўцы.
Тахтар Туляшоў за апошнія гады займаў (або сцвярджаў, што займаў) пасады ледзь не ў дзесятку арганізацый, звязаных з РФ. Напрыклад, быў дарадцам вярхоўнага атамана Саюза казачых грамадскіх аб'яднанняў Казахстана, у задачы якога ўваходзіла «ўмацаванне адносін» з Расеяй, а таксама прадстаўляў у Казахстане Саюз журналістаў Расеі і браў удзел у дзейнасці «Рускай грамады ў Казахстане». Акрамя таго, ён называў сябе старшынёй Экспертнай рады па эканамічным супрацоўніцтве Расіі, Казахстана і Беларусі (што гэта за рада - невядома) і Камітэта па эканамічнай палітыцы і прадпрымальніцтве Дзяржаўнай думы Расіі (праўда, на сайце Дзярждумы гэтай інфармацыі няма; камітэты парламента ўзначальваюць дэпутаты).