Я пабываў на доўгіх выхадных у родавай вёсцы пад Брэстам. Першае, што я пачуў ад 87-гадовай суседкі, было: «Такая паскудная тая Клінтан, а яе цягнуць у прэзідэнты».

Цётка Вера глядзіць расійскія тэлеканалы. Ніколі ад часоў Рэйгана расійскія СМІ не схіляліся так выразна на бок аднаго з амерыканскіх кандыдатаў.

Выразная падтрымка Трампа пуцінскімі СМІ стала дадатковай прычынай для трывогі адносна ягонай кандыдатуры ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Эксперты не ведаюць, чаго чакаць ад мільярдэра, які ў сваіх выступах не раз выказваўся пра ўсход Еўропы як пра сферу законных інтарэсаў Расіі.

Паводле вынікаў сацыялагічных апытанняў, Хілары Клінтан у цэлым па ЗША па папулярнасці апярэджвае Трампа на 4—5%. Аднак гэта не гарантуе ёй перамогі.

У выпадку перамогі Хілары Клінтан можа стаць першай прэзідэнткай ЗША ў гісторыі. Фота Ройтэрз.

У выпадку перамогі Хілары Клінтан можа стаць першай прэзідэнткай ЗША ў гісторыі. Фота Ройтэрз.

Рэч у тым, што сістэма выбараў прэзідэнта ў ЗША адрозніваецца ад сістэмы выбараў скажам, у Францыі. Яна ў свой час была прыдуманая для ўмацавання федэратыўнай сістэмы, каб не ўзнікла дамінацыі вялікіх штатаў над малымі. Таму прэзідэнта абіраюць не прамым галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў.

Кожны штат выбірае пэўную колькасць выбаршчыкаў. Самы густанаселены — Каліфорнія — пасылае іх 55. Самыя маланаселеныя — па 3. Такім чынам, малыя штаты пасылаюць на душу насельніцтва трохі больш дэлегатаў, чым вялікія.

Акрамя таго, у сілу традыцыі большасць штатаў пасылаюць выбаршчыкаў па прынцыпе «winner takes all» — г.зн. усе выбаршчыкі ад дадзенага штата галасуюць за таго кандыдата, які набраў у ім большасць галасоў.

Змена ўсеагульных рэйтынгаў Клінтан і Трампа на сёлетніх выбарах значыць не так шмат, як іх папулярнасць у дзясятку «нявызначаных штатаў».

Каліфорнія масава галасуе за дэмакратаў, і не мае вялікага значэння, атрымае там Клінтан 60 ці 65%. Гэтаксама Тэхас галасуе за рэспубліканцаў, і не так важна, атрымае там Трамп 51 ці 52%. У кожным разе ўсе выбаршчыкі ад Каліфорніі паедуць за Клінтан, а ўсе ад Тэхаса — за мільярдэра.

А вось Фларыда, Паўночная Караліна і некалькі меншых штатаў, як Нью-Гемпшыр, вырашыць лёс выбараў.

Партал палітычнага аналізу Realclearpolitics: сінія штаты дадуць вялікую перавагу Клінтан, блакітныя прагаласуюць за яе з меншай перавагай. Чырвоныя прагаласуюць за Трампа, ружовыя аддадуць яму перавагу. А вынік выбараў вызначаць штаты, зафарбаваныя шэрым. Там розніца між кандыдатамі складае менш за 5% галасоў.

Партал палітычнага аналізу Realclearpolitics: сінія штаты дадуць вялікую перавагу Клінтан, блакітныя прагаласуюць за яе з меншай перавагай. Чырвоныя прагаласуюць за Трампа, ружовыя аддадуць яму перавагу. А вынік выбараў вызначаць штаты, зафарбаваныя шэрым. Там розніца між кандыдатамі складае менш за 5% галасоў.

Дык вось, Пенсільванія і Вірджынія схіляюцца да Клінтан. У Фларыдзе, Агаё, Паўночнай Караліне і Арызоне Клінтан лідзіравала, а цяпер Трамп або здагнаў яе, або вырваўся наперад. 

Кандыдаты ад іншых партый і самавылучэнцы? На гэтых выбарах толькі адзін штат можа аддаць перавагу такому. Гэта Юта, які найчасцей галасуе за рэспубліканцаў, але кансерватыўныя мармоны ў якім гэтым разам не ў захапленні ад эксцэнтрычнага Трампа.

Амерыканскія аналітыкі кажуць, што на гэты раз перамога залежыць ад масавасці яўкі. Калі на ўчасткі прыйдзе шмат выбарцаў-жанчын, афраамерыканцаў і іспанскамоўных, то пераможа Клінтан. Калі не, то Трамп, які абапіраецца на падтрымку белых мужчын.

Вынікі выбары стануць вядомыя ўначы з аўторка на сераду па беларускім часе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?