08.11.2016 / 14:49

Святлана Алексіевіч ахвяравала на лячэнне Леаніда Маракова тысячу даляраў 15

Леанід Маракоў, архіўнае фота

Пісьменьніка і дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова пераводзяць з госьпісу ў Дом міласэрнасьці.

Лекары дыягнаставалі ў пісьменьніка пухліну галаўнога мозгу, якая разьвілася пасьля цяжкага інсульту. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч 7 лістапада перадала на лячэньне Леаніда Маракова тысячу даляраў. Але знаходжаньне і лячэньне ў Доме міласэрнасьці платнае, і сродкі спатрэбяцца яшчэ.

Леанід Маракоў мае сына і дачку, але яны вучацца ў Польшчы. Дапамагаюць пісьменьніку неабыякавыя людзі — Натальля Саматыя, Алесь Макаеў, Вадзім Пракопчык ды іншыя.

Натальля Саматыя распавяла Свабодзе пра стан Леаніда Маракова:

«Сёньня выглядае Леанід лепей, ацёчнасьць на твары спала, усьміхаецца, сам сябе працірае вільготнай сурвэткай. Трымаецца за маю руку даволі моцна. Гаворыць даволі зразумела. У параўнаньні з тым, што было некалькі дзён таму, выглядае Леанід значна лепш. Адзінае, мае нездаровы румянец. Але слухае мяне, пытаецца, хто прыяжджаў. Я падбадзёрваю, распавядаю, што ўсе за яго хвалююцца, перажываюць.

Прыехаў Алесь Макаеў, мы зрабілі гігіенічныя працэдуры.

Мы таксама дамовіліся з Домам міласэрнасьці, там ёсьць платнае месца — 35 рублёў за суткі. Там умовы, безумоўна, лепшыя, чым у госьпісе. Ёсьць дактары, лябараторыя.

Пагаварылі сёньня мы зь лекарам. Той пацьвердзіў, што дыягназ — анкалёгія чацьвёртай ступені (пухліна мозгу). Ён таксама паведаміў, што апэрацыі больш немагчыма рабіць (раней ужо рабілі).

Велічэзны дзякуй Сьвятлане Алексіевіч — яна ўчора перадала 1 тысячу даляраў.

Пампэрсы, вільготныя сурвэткі ёсьць. Але знаходжаньне ў Доме міласэрнасьці давядзецца аплачваць, так што сродкі патрэбныя», — кажа Натальля Саматыя.

Дапамагчы Леаніду Маракову можна, пералічыўшы сродкі на рахунак № 5351 0410 8976 2734 у МТБанку (картка дзейнічае да 02|19).

Леанід Маракоў (нар. у 1958 годзе) — інжынэр-радыёэлектронік, у 1990-я стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валера Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-тамовы энцыкляпэдычны даведнік пад назвай «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991». Усяго сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў. Леанід Маракоў — аўтар досьледу «Ахвяры і карнікі», асобна выйшла кніга зьвестак пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў. У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940».

0
алекс / Адказаць
08.11.2016 / 15:05
Так званы "Дом мiласэрнасцi" это бизнес РПЦ в Беларуси? Он -представитель нашей национальной культурной элиты не может рассчитывать в этой ситуации на помощь и поддержку государства. Государства, которое должно таких людей на руках носить. Спасибо огромное и Светлане и всем не безразличным. Леониду хочется сказать слова поддержки и выразить огромную благодарность за его труды. Дай Вам Бог!))
1
Litvin / Адказаць
08.11.2016 / 15:14
Малайчына Святлана ! Вы - НАШАЯ !
0
Люстэрка / Адказаць
08.11.2016 / 15:22
Божа! Зрабi цуд! Молiмся за вашае жыцце, Леанiд!
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру