08.11.2016 / 19:36

Мінадукацыі і Microsoft падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве 5

Міністэрства адукацыі і кампанія Microsoft Беларусь падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і кіраўнік прадстаўніцтва Microsoft у Беларусі Антон Мякішаў.

Гэты дакумент — адзінае пагадненне на падпіску па праграме ліцэнзавання EES (Enrollment for Education Solutions). Па пагадненні ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама дзяржаўныя органы кіравання адукацыйнымі ўстановамі атрымаюць доступ да неабходных сэрвісаў, праграм і прадуктаў, якія даюць магчымасць укараніць электронны дакументаабарот і падключыцца да праекта «Электронная школа».

Як адзначыў Антон Мякішаў, гэта падпісанне адкрывае магчымасць для ўстаноў сістэмы адукацыі атрымліваць ўсе выгады выкарыстання шырокага спектра ліцэнзійных версій прадуктаў Microsoft.

Кожны супрацоўнік установы адукацыі, якая скарыстаецца ўмовамі пагаднення, атрымае магчымасць устанавіць пакет Office 365 на 5 мабільных і 5 стацыянарных прылад. Вучні і іх бацькі таксама змогуць устанавіць праграмныя прадукты на дамашнія камп'ютары, смартфоны і планшэты. Прычым размова ідзе пра прылады, якія працуюць на аснове любой аперацыйнай сістэмы.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што падпісанне дакумента з'яўляецца прадаўжэннем работы з кампаніяй Microsoft у напрамку стварэння «Электроннай школы» і ў цэлым электроннага Міністэрства адукацыі. Па пагадненні да новай сістэмы зніжак будуць падключаны не толькі школы, установы прафтэхадукацыі, ВНУ, але і іншыя ўстановы, якія ўваходзяць у сістэму адукацыі.

Аплата праводзіцца ў выглядзе штогадовых плацяжоў. На асноўныя платформенныя, і не толькі, прадукты для вышэйшых навучальных устаноў дзейнічае зніжка 45%, для школ — 70%. Сумарная зніжка на некаторыя праграмныя прадукты дасягае 95% ад камерцыйнай цаны.

Што датычыцца пытання, ці абавязкова школам выкарыстоўваць перавагі пагаднення, міністр пракаменціраваў: «Сама школа або ўніверсітэт будуць вызначаць, што і ў якім аб'ёме набываць. Мы толькі будзем рэкамендаваць».

Удзельнікі цырымоніі адзначылі, што свет перажывае фазу лічбавай трансфармацыі. Абсалютна кожны бізнес, кожная эканоміка трансфармуецца, а інфармацыйныя тэхналогіі з'яўляюцца ядром такой трансфармацыі. І каб беларуская эканоміка была больш канкурэнтаздольнай, каб яна магла на гэтым рынку дастойна выступаць, яе важна забяспечваць якаснымі кадрамі. Значыць, сучасным школьнікам і студэнтам важна даць магчымасць атрымліваць якасную адукацыю з выкарыстаннем усіх найноўшых сродкаў. Таму Microsoft шмат інвестуе менавіта ў сістэму адукацыі.

2
321-бах / Адказаць
08.11.2016 / 20:03
Бясплатныя open-source офісныя пакеты па функцыянале нічым ня горшыя за дробнасофтаўскі прадукт. Гэта не пагадненне пра зніжкі для сферы адукацыі - гэта ігла, на якую намагаюцца пасадзіць беларускую школу.
2
Яська-гаспадар з-пад Вільні / Адказаць
08.11.2016 / 20:50
321-бах, вінда таксама open-source? Ці прапануеш зрабіць з вучняў чырвонавочых лінуксоідаў?
0
процьма / Адказаць
08.11.2016 / 21:38
Мікрасофт строіць з сябе Standart Oil у яго лепшыя часы :)
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру