09.11.2016 / 11:13

Пяць фактаў пра Хілары Клінтан, якая так і не стала першай жанчынай-прэзідэнтам 13

8 лістапада амерыканцы зрабілі выбар новага прэзідэнта краіны. Ім стане прадстаўнік ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп.

Для кандыдаткі ад дэмакратаў Хілары Клінтан прэзідэнцкая кампанія скончылася няўдачай, хоць яшчэ за дзень да выбараў сацыялагічныя апытанні прадказвалі трыумф.

«Наша Ніва» узгадала цікавыя факты пра 69-гадовага палітыка, якая так і не стала першай жанчынай-прэзідэнтам ЗША.

У дзяцінстве марыла быць касманаўтам

Ёсць пашыранае меркаванне, што большая частка савецкіх дзяцей пасля 1961 года марылі стаць касманаўтамі. Дык вось не толькі савецкіх. Пра гэта сама думала і маленькая Хілары Родэм з Парк-Рыдж, штат Ілінойс. Хілары пісала лісты ў NASA з пытаннямі, што яна можа зрабіць для здзяйснення мары.

Бацькам Хілары быў Х’ю Родэм, ён зрабіў невялікі бізнэс у тэкстыльнай вытворчасці. Маці — Дораці Эма Хаўэл — была хатняй гаспадыняй. У Хілары цячэ галандская, валійская, англійская, шатландская і франка-канадская кроў. Бацькі былі прыхаджанамі Аб’яднанай метадысцкай царквы. Хілары выхоўвалі ў кансерватыўных традыцыях, бацька быў антыкамуністам. На выбарах 1964 года яна агітавала за кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Бары Голдуотэра.

Існуе легенда, што Хілары — любіміца настаўнікаў, выдатны скаўт і спартсмен — прайграла выбары на прэзідэнта класа хлопчыку, які пазней ёй сказаў: «Няўжо ты думала, што дзяўчынка можа стаць прэзідэнтам?»

Сышла з Рэспубліканскай партыі

Пасля школы дзяўчынка паступіла ў каледж Уэлсі, які знаходзіцца недалёка ад Бостана. Там яна вывучала паліталогію. Менавіта ў час вучобы ў каледжы Хілары змяніла свае погляды на больш ліберальныя. Важную ролю тут адыграла вайна ЗША ў В’етнаме. «У мяне быў розум кансерватара, але сэрца ліберала», — скажа яна пазней.

Пасля забойства змагара за правы чарнаскурых Марціна Лютара Кінга Хілары Родэм зладзіла двухдзённую забастоўку ў каледжы. Яна змагалася за тое, каб у навучальнай установе было як мага больш выкладчыкаў і студэнтаў-афраамерыканцаў.

Пасля каледжа Хілары паступае на юрыста ў Ельскі ўніверсітэт. Аказвала юрыдычныя паслугі для бедных, апекавалася дзецьмі, якіх збівалі бацькі. Даследвала праблемы рабочых-мігрантаў.

Гісторыя кахання з Білам

Ад канца вясны 1971 года Хілары пачынае сустракацца з іншым студэнтам Еля, амбіцыйным выхадцам з Арканзаса — Білам Клінтанам. Яны ўпершыню сустрэліся ў бібліятэцы. «Ён быў прывабны і вясёлы, я ніколі не сустракала нікога падобнага да Біла», — казала яго будучая жонка.

Пасля сканчэння ўніверсітэта сужэнцы пераязджаюць у Арканзас, дзе спачатку займаюцца выкладчыцкай дзейнасцю, а потым засяроджваюцца на палітыцы. Арканзас 1970-ых — гэта яшчэ тое месца, дзе панаваў патрыярхат і буялі ксенафобскія погляды. Хілары стала адной з першай жанчын-уладальніц юрыдычных фірм штата. Уваходзіла ў топ-100 найлепшых юрыстаў краіны.

У 32 гады Біл Клінтан становіцца самым маладым губернатарам ЗША. Жонка адказвала за адукацыйныя рэформы. У 1980 годзе ў Біла і Хілары нараджаецца дачка Чэлсі Вікторыя. Маці рабілі кесарава, каб дзіця пабачыла свет. Чэлсі Вікторыя нарадзілася на тры тыдні раней за тэрмін.

У сям’і было цяжкое выпрабаванне пасля таго, як стала вядома пра інтрыжку Біла Клінтана са стажоркай Белага Дома Монікай Лявінскі. Аднак Хілары публічна падтрымала мужа і вырашыла з ім не разводзіцца.

Палітычная кар’ера

Адразу пасля перамогі Біла Клінтана на прэзідэнцкіх выбарах 1992 года Хілары па просьбе мужа ўзначаліла камітэт па рэформе аховы здароўя, аднак праз год з невялікім была вымушаная пакінуць пасаду, бо яе няшчадна крытыкавалі рэспубліканцы.

У 2000 годзе Хілары Клінтан становіцца сенатарам аднаго з самых уплывовых штатаў ЗША Нью-Ёрк. Гэта дало ёй вялікую папулярнасць.

Упершыню пра свае прэзідэнцкія амбіцыі Хілапы загаварыла ў 2007 годзе, яна была адной з фаварытак кампаніі Дэмакратычнай партыі, толькі перад самымі выбарамі ў адрас Клінтан пачалі чуцца галасы ў кумаўстве, маўляў, яна дабіваецца ўсяго праз колішняе прэзідэнцтва мужа. Таму на вырашальнай фазе яна саступіла лідарства Бараку Абаме.

Ад 2009 да 2013 Хілары займала пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. У час яе кадэцыі адбылася «арабская вясна». Яна лічыць, што ЗША павінны мець стратэгію па барацьбе з радыкальным эктрэмізмам. Пра працу дзяржсакратара яна напісала кнігу «Цяжкія выбары».

Хілары і Беларусь

У гэтым раздзеле напісаць можна нашмат болей, чым «Трамп і Беларусь». Па-першае, Хілары бывала ў нашай краіне. У студзені 1994 Біл Клінтан наведваў Беларусь, разам з ім прыляцела і жонка. Яна хадзіла ў Мінску на тэатральнае прадстаўленне разам з жонкай Вячаслава Кебіча.

У 2010 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі Хілары Клінтан у Кракаве мела невялікую сустрэчу з тагачасным лідарам «Гавары праўду» Уладзімірам Някляевым.

Адразу пасля разгону і збіцця Плошчы-2010 Хілары Клінтан супольна з прадстаўніком ЕС Кэтрын Эштан выступіла з заявай, якая асуджала дзеянні беларускіх уладаў. «І выбары, і іх наступствы з'яўляюцца крокам назад у развіцці дэмакратычнага праўлення і павагі да правоў чалавека ў Беларусі, што выклікае шкадаванне. Беларускі народ заслугоўвае лепшага», - гаварылася ў заяве.

Яшчэ адно спатканне з беларусамі адбылося ў 2011 годзе ў Вільні. На сустрэчы прысутнічалі праваабаронцы, а таксама старшынька БАЖ Жанна Літвіна.

Аляксандр Лукашэнка таксама пазітыўна выказваўся пра жонку «свайго найлепшага сябра ў ЗША Біла Клінтана». Але быў упэўнены, што народ ЗША яшчэ не гатовы абраць жанчыну прэзідэнтам краіны.

Зміцер Панкавец

25
Радыкал / Адказаць
09.11.2016 / 11:54
кароче у змагаров траур :)
10
Сняжок / Адказаць
09.11.2016 / 12:01
Ельскі ўніверсітэт? Вы его с Лоевским не перепутали? Ха-ха. А все просто - в случае победы Хилари Билл стал бы первым леди. А это ему не понравилось бы.
7
Shigure / Адказаць
09.11.2016 / 12:03
Жаль,что она не победила.Уверена,Хиллари Клинтон была бы достойным президентом.И для своего возраста выглядит великолепно.Но американцам,видимо,хочется шоу. А после того,как ее кандидатура так крепко напугала россиян,я ее еще больше зауважала.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру