У рэдакцыі газэты «Бресткий курьер» адбыўся круглы стол, прысьвечаны памяці навукоўца й грамадзкага дзеяча, аднаго з прэм’ер‑міністраў і міністра замежных справаў ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі Аляксандра Цьвікевіча.

У Берасьці працягам акцыяў па сьвяткаваньні 90-х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі стаў круглы стол 25 чэрвеня. Ён быў прысьвечаны 120-годдзю з дня нараджэньня Аляксандра Цьвікевіча - выдатнага гісторыка, юрыста, дыпламата і дзяржаўнага дзеяча Беларусі. У ім бралі ўдзел мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы, а таксама прадстаўнікі розных партыяў і арганізацыяў гораду. Асноўнымі дакладчыкамі былі гісторыкі Анатоль Сідарэвіч зь Менску і Міхась Стралец зь Берасьця.

Краязнавец Яўген Бяласін расказаў, як удалося адшукаць сувязь з сынам (Віктарам) Цьвікевіча, які жыў у Санкт-Пецярбургу, а таксама дачкой, што жыла ў Хабараўску.

Аляксандр Цьвікевіч нарадзіўся 22 чэрвеня (3 ліпеня) 1888 году ў Берасьці ў сям'і чыгуначнага фэльчара. Разам з родным братам Іванам яны скончылі гімназію ў Берасьці (цяпер гэта філфак БрДзУ). Атрымаўшы бліскучую адукацыю ў Пецярбурскім унівэрсытэце на юрыдычным факультэце, з 1912 г. ён працаваў прысяжным павераным у Берасьці і Пружанах. У часе 1-й сусьветнай вайны жыў у Маскве, дзе стаў адным з заснавальнікаў Беларускай Народнай Грамады. Сваю здольнасьць дыплямата Цьвікевіч паказаў падчас працы ў Міністэрстве замежных справаў БНР і прэм'ер-міністрам БНР.

На жаль, дагэтуль імя Цьвікевіча ў горадзе мала шануецца (пры тым, што ён быў цалкам рэабілітаваны ў 1989 годзе). Няма мэмарыяльных знакаў, няма вуліцы ягонай назвы, ані згадкі ў музэйных экспазыцыях.

Сярод прапановаў удзельнікаў круглага стала была і думка распачаць збор подпісаў для ўшанаваньня імя Аляксандра Цьвікевіча ў назьве адной з вуліц у цэнтры гораду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?