Маніторынг харчовай бяспекі Беларусі за 2015 год паказаў зніжэнне даступнасці цэлага шэрагу прадуктаў для насельніцтва. Пра гэта паведаміла ў сваім дакладзе на пасяджэнні міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры Нацыянальнай акадэміі навук загадчык сектара харчовай бяспекі Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАНБ, кандыдат эканамічных навук Святлана Кандраценка.

Паводле яе слоў, гэта адбылося з-за зніжэння рэальных грашовых даходаў насельніцтва (у 2015 годзе на 5,8%). Удзельная вага насельніцтва з даходамі ніжэйшымі за пражытачны мінімум склала 3,6%, пры гэтым найбольшы ўзровень малазабяспечанасці характэрны для хатніх гаспадарак з дзецьмі да 18 гадоў (7,6%).

Павялічылася і доля расходаў на харчаванне ў структуры агульных расходаў насельніцтва — да 41,9% пад уплывам росту цэн на харчовыя тавары (+19,7 працэнтнага пункта).

«Значнымі застаюцца адрозненні ў рацыёне харчавання насельніцтва гарадской і сельскай мясцовасці. У хатніх гаспадарках гарадоў спажываецца больш малочных і мясных прадуктаў, гародніны і садавіны. Хлеба ў сельскай мясцовасці спажываюць больш на 29 кг», — адзначыла Кандраценка.

У 2015 годзе, сказала яна, у параўнанні з папярэднім прыкметна вырасла ўдзельная вага спажывання прадуктаў, вырабленых у асабістых падсобных гаспадарках. У сельскіх населеных пунктах гэты рост больш значны.

«Відавочнай з'яўляецца залежнасць каларыйнасці і якасці харчавання ад узроўню даходаў насельніцтва. Каларыйнасць рацыёну ў хатніх гаспадарках вышэйшай па даходах групы на 33% большая, чым ніжэйшай, а расходы на харчаванне адрозніваюцца на 54%», — гаворыцца ў дакладзе.

Даследаванні паказалі, што ўзровень спажывання высокакаштоўных відаў мяса (ялавічыны, цяляціны, бараніны) не павялічваецца, а за апошнія шэсць гадоў выраслі пакупкі мясных паўфабрыкатаў, катлет, каўбасных вырабаў. Скарацілася спажыванне сыравэнджаных каўбас на 0,2 кг, мясных кансерваў — на 0,2, фаршу — на 1, сасісак і сардэлек — на 0,4, субпрадуктаў з птушкі — на 0,3 кг.

«Спажыванне малака і малакапрадуктаў недастатковае: у 2015 годзе аб'ём куплі ёгуртаў на сям'ю скараціўся на 0,4 кг, тварагу тлустага — 0,4, смятаны — 0,1 і кефіру — на 0,1 кг. Разам з тым набывалі больш нятлустага тварагу на 1,1 кг, цвёрдых сыроў — на 0,6, малака пастэрызаванага — на 7,6 кг «, — адзначыла даследчык.

На яе думку, спажыванне свежай агародніны ў краіне таксама недастатковае і наўпрост залежыць ад пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Калі з 2010 па 2014 гады аб'ём куплі салодкага перцу вырас на 0,5 кг, памідораў — на 2,3, баклажанаў — на 0,7, агуркоў — на 2,8 кг, то ў 2015 годзе — прыкметна скараціўся. Спажыванне больш танных відаў айчыннай агародніны — морквы, цыбулі і буракоў — вырасла.

У мінулым годзе сталі купляць менш вінаграду — на 2,3 кг, персікаў і абрыкосаў — на 1,2, цытрусавых — на 1,1, яблыкаў і груш — на 2,4, бананаў — на 0,1 кг.

«Можна канстатаваць, што менавіта адсутнасць росту рэальных даходаў не дазволіла насельніцтву падтрымаць дасягнутую якасць рацыёну і ўмацаваць яго, — зрабіла выснову Кандраценка. — Гэта значыць пакупніцкая здольнасць грашовых даходаў і эканамічная даступнасць прадуктаў у краіне застаюцца стрымліваючым фактарам якаснага ўдасканалення рацыёну харчавання насельніцтва. Для яго павышэння і павелічэння спажывання экалагічнай і бяспечнай прадукцыі ў першую чаргу патрабуецца забяспечыць эканамічную даступнасць паўнавартаснага харчавання для ўсіх катэгорый і сацыяльных груп».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?