Танкавая брыгадная група амерыканскай арміі з'явіцца ў Еўропе ў студзені 2017 года ў рамках узмацнення групоўкі, якая мусіць супрацьстаяць магчымай расійскай агрэсіі.

Пра гэта паведаміў defensenews.com генерал-лейтэнант Бен Ходжэс, камандуючы Сухапутных войскаў ЗША ў Старым свеце.

3-я танкавая брыгада 4-й пяхотнай дывізіі носіць мянушку «Жалезная», ваявала ў Іраку і Афганістане.

Самаходная артылерыя 3 танкавай брыгаднай групы 4 пяхотнай дывізіі ў Кувейце ў 2015 годзе. Фота fortcarsonmountaineer.com

Самаходная артылерыя 3 танкавай брыгаднай групы 4 пяхотнай дывізіі ў Кувейце ў 2015 годзе. Фота fortcarsonmountaineer.com

Яна адправіцца ў Еўропу як частка сіл аперацыі «Атлантычная рашучасць», мэта якой — дэманстрацыя падтрымкі хаўруснікаў перад абліччам расійскай пагрозы і ўзмацненне агульнага фронту на выпадак абвастрэння, піша military.com.

Танкавая брыгадная група мае каля 4700 чалавек асабовага складу, 90 танкаў Abrams, 90 баявых машын пяхоты Bradley, 112 бронетранспарцёраў M113.

Адначасова яна правядзе вучэнні па хуткай загрузцы і выгрузцы ў баявых умовах у нямецкіх і польскіх партах — гэтае ўменне можа спатрэбіцца, калі амерыканцам будзе трэба хутка і ў вялікай колькасці перакідваць свае войскі ў Еўропу.

Група будзе ўдзельнічаць у іншых манеўрах на працягу 2017 года. Асноўныя часткі брыгаднай групы будуць стаяць у заходняй Польшчы. Восенню 2017 года «Жалезных» зменіць іншая амерыканская брыгада па прынцыпе ратацыі.

Такім чынам, з цягам часу асноўная частка амерыканскіх войскаў можа атрымаць досвед хуткага транспартавання ў Еўропу і вучэнняў супраць магчымага нападу з боку РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?