Заканчэнне. Пачатак тут і тут.

І, нарэшце, фінальная частка падарожжа па Іране, са шкадаваннем давялося пакінуць фантастычны Шыраз, наперадзе чакаў цэнтр іранскага зараастрызму — Езд, а таксама даўняя сталіца Персіі, горад мастоў і мячэцяў — Ісфахан.

Езд адносяць да цэнтральнага Ірана, але горад мяжуе з пустыняй, і ў гэтым плане ён дае ўнікальны досвед старажытнага і аўтэнтычнага паселішча, дзе высокія гліняныя сцены дамоў атачаюць вузкія вулачкі, а над дахамі ўзносяцца прамавугольныя каробкі бадгіраў — традыцыйных кандыцыянераў. Кажуць, што гэта адзін з самых старажытных гарадоў у свеце, дзе людзі няспынна жывуць каля 7000 гадоў. Напэўна, такую дзівосную трываласць можна патлумачыць тым, што горад ляжыць на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, яшчэ Марка Пола апісваў Езд як цэнтр камерцыі. Але тое ўжо даўно было, цяпер тут зацішна і спакойна, у параўнанні з іншым Іранам ўзнікае ўражанне паўзакінутасці і разняволенасці, жыццё віруе недзека там, у іншых мясцінах.

Я прыехаў у Езд недзека а 17-й гадзіне, крыху давялося павазіцца з засяленнем у гатэль, бо патрымаў пацверджанне ад сеткі гатэляў, і ў звыклым усходнім стылі тутэйшыя менеджары не маглі разабрацца, у якім канкрэтна гатэлі я мушу жыць. Але, ўрэшце, усе перашкоды пераадоленыя, можна выбрацца пагуляць па вулачках горада. Я планаваў увечары выбрацца да Вежаў Маўчання, месца пахавання зараастрыйцаў, якое знаходзіцца па-за горадам. Пішуць у сеціве, што там вельмі файна сустракаць заходы. Але непадалёк ад гатэля знайшоў інфармацыйны цэнтр, дзе мне паведамілі, што іранскія ўлады апошнія пару гадоў не гублялі час дарма, вежы абгарадзілі, увялі плату і часы зведвання. Стала зразумела, што давядзецца ехаць туды ранкам. Яшчэ далі расклад аўтобусаў на Ісхафан, які аказаўся такі ж далёкі ад рэчаіснасці, як і інфармацыя ў інтэрнэце.

Але не будзем шкадаваць, гэта ж вольны час для зведвання Езда. Зусім побач з гатэлем знаходзіўся маўзалей Саіда Рухнадзіна, узведзены ў ХІІІ стагоддзі, з высокім купалам і дэкаратыўна ўпрыгожаным інтэр’ерам.

Маўзалей Саіда

Маўзалей Саіда

Фактычна гэта было другое месца ў Іране, куды можна было патрапіць без уваходнай платы, але з улікам апошніх тэндэнцый, хутка і маўзалеі будуць прыносіць прыбытак дзяржаўным структурам. Побач са старым горадам і Пятнічная мячэць, над якой узвышаюцца высокія мінарэты (самыя высокія ў Іране), а грандыёзны партал упрыгожаны блакітнымі мазаікамі, часта ў дэкоры выкарыстоўваюць і свастыкі.

Уваходны партал Пятнічнай мячэці

Уваходны партал Пятнічнай мячэці

У самой мячэці ёсць і невялікі музей, дзе мяне зацікавілі самавары (хм, а я думаў, гэта толькі ў Расіі іх любяць) і покрыва са святога каменя Кааба ў Мецы (яго штогод паводле звычаю змяняюць), дасланае ў падарунак саудаўскім каралём (не чакаў, з улікам таго, што стасункі паміж дзвюмя краінамі ў апошні час вельмі варожыя).

Але найбольш цікава было паблукаць па вулачках старога горада. Высокія глінабітныя сцены ствараюць лабірынт вулачак, дзе можна з лёгкасцю і прыемнасцю нечакана для сябе згубіцца (праўда, афлайнавыя мапы вяртаюць да суровай рэчаіснасці). Зрэдку толькі можна сустрэць гуляючых дзяцей, ці з-за спіны данясецца сігнал мапеда. У цэнтры знаходзіцца і так званая «турма Аляксандра», па легендзе знакаміты палкаводзец загадаў тут выкапаць калодзеж, які і выкарыстоўваўся, каб утрымліваць няшчасных зняволеных. Легенда хоць нейкім чынам апраўдвае назву, праўда, каб у яе паверыць, трэба мець зусім ужо неразборлівы давер. Па факце, гэта была школа, цяпер жа яе ператварылі ў турыстычны аб’ект, з кавярняй, рамеснікі гатовыя вам прадэманстраваць традыцыйныя тэхналогіі вырабу глінянага посуду ці музычных інструментаў. Хуценька адтуль уцёк. Знайшоў яшчэ адзін прыватны музей манет, які месціцца ў традыцыйным будынку з унутраным садам і фантанамі, з дзіўным і фантасмагарычным наборам экспанатаў (які мне крыху нагадаў прыватную калекцыю Фелікса Янушкевіча ў Заслаўі). Калі выбрацца з ціхіх завулкаў старога горада, то ў Ездзе можна заўважыць і нейкія прыкметы жыцця, зноў абуджаецца шалёны рух аўтамабіляў, на вуліцах жа з нагоды рэлігійнага свята мясцовыя жыхары выстаўляюць сталы і частуюць мінакоў напоямі і печывам (і гэта робяць з гасціннасці, а не спрабуюць абабраць дурных турыстаў).

Зранку я паймаў таксоўку і выправіўся за горад, дзе знаходзяцца Вежы Маўчання. Тут давядзецца згадаць, што Езд застаецца цэнтрам іранскіх зараастрыйцаў, адной з самых старажытных рэлігій у свеце, якая панавала на гэтых землях да прыходу ісламу.

Вежы Маўчання

Вежы Маўчання

Названая яна па імені прарока Зараастра (больш вядомага як Заратустра, прывітанне ад Фрыдрыха Ніцшэ), якога гісторыкі лічаць рэальнай фігурай, толькі складана вызначыць, калі і дзе ён дакладна жыў. Вацлаў Ластоўскі ў «Лабірынтах» творча ўпісаў гэта прарока ў міфалагічную гісторыю нашых продкаў: «Першым рэфарматарам быў Зарада. Да яго існавала ў гетаў супольнасць кабет і маёмасці. Народ займаўся толькі лавецтвам. Ён вучыў рамяству і завёў свабодны выбар жон і жонамі мужоў, раз кожнага году. Штогодна меў права муж змяніць жонку і жана мужа. Дзень гэты быў названы Купаллем, дзеля таго, што ў гэты дзень павінны былі кандыдаты на жаніцьбы адбыць ачышчэнне праз агонь і купанне ў вадзе». Насамрэч, ад Зараастра засталіся створаныя ім гімны, якія клапатліва перадаваліся тысячагоддзямі, дзе ён вучыў, між іншага, пра будучы суд над кожным чалавекам, пра ўваскрашэнне напрыканцы часоў, пра рай і пекла. Падчас ваяўнічага пашырэння ісламу зараастрыйцаў істотна прыціснулі, неахвотныя пакідаць веру продкаў перабраліся ў Індыю, у Іране ж доўгі час адзіным месцам, дзе захоўваўся святы агонь, быў Езд. Толькі ў ХІХ стагоддзі зараастрыйцам дазволілі аднавіць свае храмы ў Ісфахане і Тэгеране.

Паселішча зараастрыйцаў ля Вежаў Маўчання

Паселішча зараастрыйцаў ля Вежаў Маўчання

А Вежы Маўчання дэманструюць яшчэ адзін важны аспект рэлігіі зараастрызму — абрады пахавання. Згодна з вераваннямі, мёртвыя целы могуць апаганіць зямлю, таму іх пакідалі на адкрытым месцы, каб сцярвятнікі ачысцілі трупы да касцей. На двух высокіх узгорках знаходзяцца выкладзеныя каменем цыліндрычныя ямы, куды і складвалі мёртвыя целы для гэтай працэдуры ачышчэння. Іх выкарыстоўвалі па прызначэнні да 1960-х гадоў, цяпер жа зараастрыйцы пераважна хаваюць нябожчыкаў у залітыя бетонам магілы, каб не забруджваць зямлю. На абедзьве вежы можна падняцца, праўда, турыстаў арганізавана водзяць толькі на адзін узгорак, другі ж вельмі стромкі і падымацца па ім досыць складана, ды і не вельмі бяспечна — хоць мяне гэта і не спыніла. Абгарадзілі, плату здымаюць, а зрабіць нармальны пад’ём ніхто не паклапаціўся. З вяршыні адкрываецца прыгожы краявід на горад і навакольную пустыню, таксама ўнізе рэшткі закінутага паселішча зараастрыцаў, з глінянымі дамкамі, калодзежамі і бадгірамі.

На Вежы Маўчання

На Вежы Маўчання

Кіроўца таксоўкі сумленна дачакаўся, пакуль я аблазіў усё, што магчыма, і павёз назад у горад, да храма Святога Вечнага Агню. Сам храм знешне вельмі сціплы, просты будынак, унутры невялічкі пакойчык, дзе і палае Агонь. Напісаў з вялікай літары, паколькі ён няспынна падтрымліваецца з V стагоддзя нашай эры, то бок, ужо паўтары тысячы гадоў. Адмысловыя жрацы сочаць за ім увесь гэты час. Уражвае менавіта гэтая працягласць традыцыі, якая захавала вернасць сваім караням, не зважаючы на ціск ісламу і дух прагрэсу.

Яшчэ было крыху часу да планаванага ад’езду ў Ісфахан, таму я крыху прайшоўся па горадзе, завітаў у мясцовыя крамы, бо ўжо трэба было рыхтаваць сувеніры і падарункі дадому. Дарэчы, у Ездзе і цэны былі значна ніжэйшыя, асабліва ў параўнанні з Тэгеранам.

Зноў аўтобус, на шчасце, зноў вельмі камфортны, іранскія аўтобусы я буду вельмі доўга згадваць словамі ўдзячнасці. Пад вечар дабіраюся на аўтавакзал Ісфахана (у кожным наведаным іранскім горадзе яны знаходзяцца на ўскрайку, не ў цэнтры). Тут мяне чакала яшчэ адна задача: уладальнік мясцовага гатэля, дзе я планаваў спыніцца, пры просьбе пацвердзіць ранейшае браніраванне адпісаў, што вольныя месцы ў іх скончыліся. Таму адразу паўстала задача знайсці сабе начлег. На дзіва, вырашылася яна вельмі хутка і проста, паколькі на самім аўтавакзале знайшоўся недарагі і досыць прыстойны гатэль.

Плошча Імама

Плошча Імама

На позні вечар я запланаваў выбрацца на шпацыр па мастах Ісфахана. Шчыра кажучы, не грандыёзная плошча Імама і велічныя мячэці, а менавіта казачныя масты сталі для мяне сімвалам гэтага горада. Пасля засушлівай пустыні было нечакана ўбачыць рэчку, хоць і зусім неглыбокую, ад якой па наваколлі распаўсюджвалася доўгачаканая свежасць. З наступленнем вечара знікла і заўсёдная спякота, мясцовыя жыхары таксама масава высыпалі на берагі рэчкі, паўсюль невялічкія кампаніі на раскладзеных дыванах частаваліся вячэрай, палілі кальяны і ціха насалоджваліся адпачынкам. Вечарам старажытныя масты яшчэ падсвечваюцца ілюмінацыяй, што агулам стварае чароўную атмасферу. Масты шматузроўневыя, можна падымацца на розныя ярусы, можна паспрабаваць па камянях пераскочыць праз рэчку (але тут я ўжо не рызыкнуў), я ж дастаў бутэлечку піва (натуральна, безалкагольнага) і далучыўся да агульнай рэлаксацыі.

Ужо на раніцу быў запланаваны мэтанакіраваны агляд Ісфахана. Гэты горад лічыцца пярлінай старажытнай Персіі, адным з найбольш прыгожых гарадоў ісламскага свету. Ён быў і сталіцай ваяўнічых сельджукаў, пры дынастыі Сафавідаў, асабліва падчас кіравання магутнага шаха Абаса, расквітнеў і пераўтварыўся ў горад-міф, горад-легенду, які французскі паэт ХVІ стагоддзя Рэнье метафарычна назваў «паловай свету». Цэнтр горада — гэта вялізная плошча Імама (назва сучасная, і не вельмі папулярная сярод мясцовых, традыцыйна — гэта «вобраз свету»), майдан, па памерах займае другое месца ў свеце і саступае толькі пекінскаму Цяньаньмэню. Падчас кіравання шаха Абаса тут былі ўзведзеныя велічныя і пышныя будынкі мячэцяў і шахскіх палацаў, якія ствараюць разам грандыёзны комплекс.

Плошча Імама

Плошча Імама

Я пачаў яго зведванне з мячэці Імама (агульнавядомая гістарычная назва — Шахская мячэць, але пасля ісламскай рэвалюцыі і зрынання шахскай улады гэта назва стала сімвалам ненавіснага рэжыму і была змененая), якая лічыцца адной з самых прыгожых мячэцей у свеце. Высокі арнаментаваны партал з белага мармуру выводзіць на ўнутраны двор, аточаны двух’яруснымі аркадамі. Мячэць і цяпер выкарыстоўваецца для малітваў, тады ўнутраны двор напаўняецца натоўпамі вернікаў. Уся паверхня запоўненая дэкаратыўнымі мазаікамі, якія пераліваюцца адценнямі блакітнага, зялёнага і залаціста-жоўтых колераў.

Купал Шахскай мячэці

Купал Шахскай мячэці

Цітус Буркхардт у сваёй кнізе «Мастацтва ісламу» адзначае адметнасць архітэктуры Шахскай мячэці як звязаную з перамогай шыізму ў сефевідскай Персіі. У шыізме лічыцца, што духоўны аўтарытэт быў перададзены ад прарока Мухамеда да Алі і яго нашчадкаў (параўнайце выказванне Мухамеда «Я — горад ведаў, а Алі — яго браму»), і сам план галоўнай мячэці шыізму мусіў увасабляць ідэю «нябеснай брамы», дзе дасканалае архітэктурнае асяроддзе дазваляе ажыццяўляць пераход ад знешняга свету да ўнутранага. У прыбудовах знаходзяцца медрэсэ, духоўныя школы, дзе ахвотныя могуць наведаць выставу пад красамоўнай назвай «Іслам — галоўная ахвяра тэрарызму». Хто б сумняваўся.

Побач на плошчы знаходзіцца значна меншая па памерах, але не менш дзівосная ў сваёй прыгажосці мячэць шэйха Латфалы, названая ў гонар ісламскага навукоўца з Лівана, які прыбыў у Ісфахан, каб наглядаць за будаўніцтвам Шахскай мячэці і кіраваў мясцовай духоўнай школай. Парталы гэтай мячэці дэкараваныя ружовымі мазаікамі, дзе пераплятаюцца арабескі і фларыстычныя матывы, па зацененым праходзе можна выйсці да галоўнага свяцілішча, накіраванага да Мекі, дзе і адбываліся малітвы. Таксама мячэць адрозніваецца тым, што не мае ніякага мінарэта, гэта тлумачаць тым, што яна не выкарыстоўвалася для публічнага ўжытку, а туды хадзілі маліцца жанчыны з шахскага гарэму.

Мячэць шэйха Латфалы

Мячэць шэйха Латфалы

Насупраць, праз плошчу, знаходзіцца і шахскі палац Алі Капу, таксама збудаваны вялікім Абасам. Адзін французскі падарожнік апісваў яго як «найвялікшы палац у свеце», але час у дадзеным выпадку быў бязлітасны, ад былой раскошы мала што засталося. Уражвае толькі вонкавая тэраса, з якой можна агледзець агромністую плошчу Імама. Калі па ступенях падняцца наверх палаца, то дэкор музычнага пакоя дае магчымасць убачыць і секулярнае персідскае мастацтва. Але агулам шахскі палац нясе на сябе сляды знішчэнняў і разбурэнняў, таму ўскладаць на яго зведванне вялікія спадзевы не варта.

Плошча Імама, від з палаца Алі Капу

Плошча Імама, від з палаца Алі Капу

Але засталася яшчэ адна мячэць у Ісфахане, якую я таксама хацеў зведаць — Пятнічная мячэць, да якой мне давялося прабірацца праз вузкія вулачкі тутэйшага базару. Будаўніцтва яе адносіцца да ХІ стагоддзя, пасля вялікага пажару яна была моцна перабудаваная ў наступным стагоддзі.

Інтэр'еры Пятнічнай мячэці

Інтэр'еры Пятнічнай мячэці

Па сутнасці, гэта сапраўдны музей ісламскага мастацтва розных эпох, дзе можна прасачыць як геаметрычна простыя арнаменты сельджуцкіх часоў перацякаюць у вытанчаныя матывы сефевідскай эпохі. Пасярод двара — фантан абмывання, які пілігрымы могуць выкарыстоўваць для адпаведных рытуалаў. Дзіўнае адчуванне, агромністая мячэць, з вялізнымі купаламі, якія выцерпелі цяжар стагоддзяў, але цалкам бязлюдная, толькі галубы ствараюць нейкі шум і гам.

Але ў Ісфахане ёсць і іншыя цікавосткі, апроч мастоў і мячэцяў. Асабліва мне найбольш спадабаўся палац Шэхель Сатун («40 калон»), хутчэй сваімі фрэскамі, якія адлюстроўваюць прыдворнае жыццё (з паўаголенымі танцоўшчыцамі, музыкамі і струменямі віна, жылі людзі, не тое што ў нашы часы), а таксама бітвы войскаў Сефевідаў з узбекамі і цюркамі, дзе баявыя сланы пераможна рвуцца наперад.

Цікава было зірнуць, як жыве і мясцовыя хрысціянская абшчына, у Ісфахане знаходзіцца знакаміты армянскі квартал з кафедральным саборам.

Той жа шматкроць згаданы шах Абас калісьці масава перасяліў сюды вялікую калонію армян, якіх вельмі цанілі як выбітных гандляроў, рамеснікаў і мастакоў. Знешне хрысціянскі квартал ніяк не адрозніваецца ад рэшты горада, тыя ж крамкі, тыя ж надпісы, ніякай адметнасці «няверных». Нешматлікія армянскія цэрквы прыхаваныя за высачэзнымі сценамі, каб не парушаць мусульманскую гармонію, ды і тое, амаль усе зачыненыя. Для наведвання адкрыты толькі кафедральны сабор Ванк, які здзіўляе спалучэннем мусульманскіх і хрысціянскіх матываў. Але фрэскі ў саборы чароўныя, асабліва ўражвае змрочнае адлюстраванне Апошняга суда і пекла.

Ісфахан, як турыстычны цэнтр Ірана, напоўнены безліччу базарных завулкаў, сувенірных крамак, дзе можна выбраць любы тавар — ад старажытных дываноў да простых магніцікаў. Можна смела закупіцца, тым больш гандляры ахвотна бяруць даляры і еўра.

Увечары чакаў ужо аўтобус, які мусіў давезці наўпрост да тэгеранскага міжнароднага аэрапорта. Добра, што прачытаў пра гэту магчымасць, бо калі б дабірацца да самога Тэгерана і адтуль да аэрапорта, то губляецца шмат часу і грошай.

Калі ж падсумаваць, то Іран пакінуў вельмі прыемныя ўражанні — тут усё патыхае гісторый, павагай да традыцый, людзі надзвычай гасцінныя і добразычлівыя (зробім выключэнне для сквапных таксістаў, але ў якой краіне яны іншыя?). Напэўна, самы непрыемны момант — гэта драпежніцкая і рабаўніцкая палітыка іранскіх уладаў, якія за ўсе аб’екты культурнай спадчыны здзірае драконаўскія цэны для замежнікаў. Калі да гэтага маральна падрыхтавацца, то Іран, безумоўна, можа быць вельмі прывабнай краінай для наведвання. Цяпер знялі большасць міжнародных санкцый, пакрыху пачалі падцягвацца зводдаль турысты, але дагэтуль кожны замежнік выклікае ў мясцовых жыхароў адчувальнае здзіўленне. Цікавае жыццё ісламскай дзяржавы, і ў побытавым плане (рэгламентацыя вопраткі і забарона алкаголю) і як досвед пабудовы рэлігійнай дзяржавы ў сучасным свеце. Не ўпэўнены, ці можа залічыць яго паспяховым, але для секулярызаваных беларусаў усё выглядае вельмі дзіўна. Я правёў там тыдзень, але вельмі шмат што не атрымалася паглядзець з-за абмежаванняў па часе, і вельмі шкадую, што не дабраўся ў Кум, сталіцу ісламскага фундаменталізму. Неяк для першага візіту гэты кірунак падаўся рызыкоўным, але калі зважаць на вельмі добразычлівае стаўленне да замежнікаў у Іране, то можна палічыць, што перастрахаваўся. Але Іран паступова адкрываецца свету — можа, будзе і чарговая магчымасць наведаць гэтую цудоўную краіну!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?